Мінск 06:32

Канферэнцыя па бяспецы ў Еўразіі пройдзе 26–27 кастрычніка ў Мінску

18 кастрычніка, Позірк. Канферэнцыя высокага ўзроўню “Еўразійская бяспека: рэальнасць і перспектывы ў трансфармаваным свеце” пройдзе 26–27 кастрычніка ў Мінску, паведамляе прэс-служба Міністэрства замежных спраў.

Паводле інфармацыі знешнепалітычнага ведамства, плануецца, што на яе прыбудуць прадстаўнікі краін — членаў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе ды інш.

Заяўлены ўдзел “кіраўнікоў шэрагу міжнародных арганізацый, прадстаўнікоў акадэмічнай і экспертнай супольнасцяў каля 30 краін”.

Форум пройдзе на фоне абвастрэння сітуацыі ў рэгіёне — развязанай Расіяй поўнамаштабнай вайны супраць Украіны, якая ідзе з лютага 2022 года і падтрымліваецца рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, канфлікту Азербайджана і Арменіі вакол Нагорнага Карабаха, рэгулярных абвінавачванняў на адрас Захаду з боку Мінска ў правакаванні ваенных пагроз адначасова з мілітарызацыяй Беларусі.

Падзяліцца: