Мінск 03:56

“Пашпарт новай Беларусі” атрымаюць у першую чаргу тыя, хто легалізаваны ў краінах пражывання — Кавалеўскі

Фота: АПК

25 студзеня, Позірк. “Пашпарт новай Беларусі” атрымаюць у першую чаргу тыя, хто легалізаваны ў краінах пражывання, паведамляе прэс-служба Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) са спасылкай на яго прадстаўніка па замежных справах Валерыя Кавалеўскага.

Паводле слоў дыпламата, гэта азначае, што пашпарт атрымаюць тыя, хто ўжо прайшоў першасную праверку нацыянальнымі міграцыйнымі службамі. “Такі падыход дазволіць успрымаць праект нацыянальнага пашпарта Беларусі больш станоўча і надзейна нашымі еўрапейскімі партнёрамі”, — заявіў Кавалеўскі.

На сёння прыярытэт, адзначыў ён, — стварэнне органу выдачы пашпартоў з камандай прафесіяналаў і датрыманне найвышэйшых міжнародных стандартаў пры тэхнічнай падтрымцы спецыялізаваных арганізацый дзеля таго, каб да праекта “новага нацыянальнага пашпарта” быў максімальны давер з боку беларусаў і замежных партнёраў.

“Прызнанне пашпарта — удар па руках Лукашэнкі ў адказ на яго выкарыстанне базавай функцыі дзяржавы для рэпрэсій супраць беларусаў на тэрыторыі цывілізаваных краін. Адначасова гэта будзе гуртаваць беларусаў, дапамагаць захаванню ідэнтычнасці і суб’ектнасці беларускага народу, дзе б мы ні знаходзіліся”, — сказаў палітык. На яго думку, варта рыхтавацца да таго, што рэжым Лукашэнкі працягне ўводзіць абмежаванні для беларусаў за мяжою.

Аб праекце “пашпарта новай Беларусі” стала вядома ў лютым 2023 года. Дэмсілы пачалі распрацоўваць альтэрнатыўны дакумент на фоне ўнясення паправак у закон аб грамадзянстве, якія даюць уладам магчымасць пазбаўляць грамадзянства, атрыманага на падставе права нараджэння, беларусаў, якія асуджаныя за “экстрэмізм” і збеглі ад пакарання. Адкарэктаваная адпаведным чынам рэдакцыя закона “Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь” набыла моц летась у ліпені.

4 верасня 2023 года Лукашэнка падпісаў указ № 278 “Аб парадку выдачы дакументаў і здзяйснення дзеянняў”, які пазбавіў замежныя ўстановы Беларусі магчымасці падаўжаць тэрмін дзеяння пашпарта беларускага грамадзяніна і выдаваць новыя дакументы.

Летась, паводле звестак праваабарончага цэнтра “Вясна”, мінімум 125 чалавек было затрымана пасля вяртання ў Беларусь з-за мяжы.

Падзяліцца: