Мінск 13:12

Экс-амбасадар Кізім хутка будзе прызначаны спецпрадстаўніком Украіны па Беларусі — “Парламенцкі канал”

Фото: соцсети Игоря Кизима

29 студзеня, Позірк. У бліжэйшы час будзе прынятае рашэнне аб прызначэнні экс-амбасадара Ігара Кізіма спецыяльным прадстаўніком Украіны па Беларусі. Пра гэта са спасылкай на крыніцы ў Вярхоўнай Радзе паведамляе “Парламенцкі канал”, звязаны з дарадцам Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і парламенцкім супрацоўніцтве Анатолем Лябедзькам.

“За ўвядзенне пасады спецпрадстаўніка па Беларусі выступалі многія беларускія і украінскія палітыкі, ў тым ліку група экспертаў ад Форума братоў Астрожскіх, якая звярталася з такой прапановай да прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага”, — адзначана ў паведамленні.

Ігар Кізім быў прызначаны на пасаду амбасадара ў Беларусі 16 лютага 2017 года ўказам тагачаснага прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі. Дыпламат заставаўся ў Мінску нават пасля пачатку падтрыманага рэжымам Аляксандра Лукашэнкі паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну з выкарыстаннем беларускай тэрыторыі.

19 красавіка 2023 года Кізім быў адкліканы ў Кіеў для кансультацый пасля сустрэчы Лукашэнкі з кіраўніком г.зв. “Данецкай Народнай Рэспублікі” Дзянісам Пушыліным. Украінскія ўлады назвалі візіт Пушыліна ў Мінск “спробай легітымізацыі гэтага прадстаўніка расійскай акупацыйнай адміністрацыі ў Данецку”.

Кізім у Беларусь так і не вярнуўся. 22 чэрвеня дзейны прэзідэнт Уладзімір Зяленскі вызваліў яго ад пасады амбасадара.

Раней сваіх спецыяльных прадстаўнікоў па Беларусі, адказных за супрацу з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, прызначыў шэраг краін, сярод якіх Швецыя (Крысціна Юханэсан), Літва (Аста Андрыяўскене), Польшча (Артур Міхальскі), Эстонія (Марка Каплімаа).

Падзяліцца: