Прэс-сакратар Рады БНР заявіў аб выхадзе з яе складу, параўнаўшы кіраўніцу з Лукашэнкам

30 студзеня, Позірк. Прэс-сакратар Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) Алесь Чайчыц заявіў 30 студзеня аб выхадзе з яе складу.
Рада БНР — гэта “важная агульнанацыянальная нематэрыяльная гістарычная каштоўнасьць, а не тайная секта, не спецслужба і не прыватная лаўка [старшыні] Івонкі Сурвілы і яе сябровак, таму яна “не мае права на непразрыстасць” — напісаў ён на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”.
На думку Чайчыца, “статус Старшыні Рады БНР як статус публічна абранай асобы ў дэмакратычнай дзяржаве разумее пад сабой магчымасць крытыкі і дэбатаў”, а яе “няздольнасць успрымаць і адэкватна рэагаваць на крытыку” сведчыць пра “неадпаведнасць высокай пасадзе”.
У сваім развітальным лісце сябрам Рады Чайчыц параўнаў Сурвілу, “якая займае пасаду дваццаць сем гадоў”, з Аляксандрам Лукашэнкам, “які займае пасаду трыццаць гадоў”, адзначыўшы, што для абаіх “статус пачынае ўспрымацца як прыватная ўласнасць”, і таксама іх “аб’ядноўвае стаўленне да апазіцыі”.
Рада БНР заяву не каментавала.
Рада БНР пазіцыянуе сябе як найстарэйшы беларускі палітычны і дзяржаўны інстытут, захавальнік традыцый нацыянальнага руху, які дзейнічае з моманту абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года.
Пасля зрыву мірных перамоў у Брэсце і наступлення германскіх войскаў бальшавікі пакінулі Мінск. У гэтай сітуацыі дзеячы Цэнтральнай беларускай вайсковай рады і Выканаўчага камітэта Рады Усебеларускага з’езда абвясцілі сябе часовай уладай на тэрыторыі краіны да склікання ўстаноўчага сейма. 21 лютага 1918 года Выканкам Рады сфармаваў першы ўрад БНР — Народны сакратарыят на чале з Язэпам Варонкам.
У 2020 годзе Рада БНР падтрымала пратэстны рух супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, пасля нападу РФ на Украіну з выкарыстаннем беларускай тэрыторыі выступіла супраць расійскай агрэсіі.
У кастрычніку 2023 года стала вядома, што Генеральная пракуратура распачала крымінальную справу ў дачыненні да кіраўнікоў і сябраў Рады БНР, абвінавачванне складаецца з сямі артыкулаў Крымінальнага кодэкса.
5 кастрычніка генеральны пракурор Андрэй Швед заявіў, што Рада БНР “прэтэндуе на ўтварэнне паралельных дзяржаўных інстытутаў і атрыбутаў”, “узурпацыю дзяржаўнай улады на падставе “гістарычнасці” аднаўлення правоў на ўладу”.
87-летняя Івонка Сурвіла, якая паходзіць са Стоўбцаў (на сёння Мінская вобласць) і жыве ў Канадзе, узначальвае арганізацыю з 1997 года.
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 1–2 ліпеня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаУ першай палове 2025 года краіны ЕС зафіксавалі ў 1,6 раза больш спробаў пераходу нелегалаў з Беларусі, чым у другой палове 2024-га (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства