Мінск 07:44

Латушка перадаў “доказы ваенных злачынстваў Лукашэнкі” ў спецкамісію ААН

Скрыншот: ютуб-канал Паўла Латушкі

1 лютага, Позірк. Матэрыялы аб датычнасці Аляксандра Лукашэнкі і шэрагу іншых асоб да незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей у Беларусь былі перададзены падчас сустрэчы намесніка кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Паўла Латушкі з прадстаўнікамі незалежнай міжнароднай камісіі па расследаванні парушэнняў ва Украіне ў штаб-кватэры ААН у Вене.

“Факты ўчынення ваенных злачынстваў Лукашэнкам і яго саўдзельнікамі з гэтага моманту знаходзяцца ў міжнароднай камісіі, якая створана Саветам па правах чалавека ААН”, — адзначаецца ў паведаменні прэс-службы АПК.

Латушка ў Вене правёў таксама сустрэчы з членамі групы “Сябры дэмакратычнай Беларусі” ў АБСЕ: пастаяннымі прадстаўнікамі пры АБСЕ Польшчы, Германіі, Канады, Францыі, Швецыі, ЕС, намеснікам пастаяннага прадстаўніка ЗША. Акрамя таго, палітык “правёў сустрэчы ў МЗС Аўстрыі”.

На перамовах “абмеркаваная магчымасць прымянення Маскоўскага механізма АБСЕ, у рамках якога патэнцыйнаму дакладчыку будзе дадзены мандат на аналіз сітуацыі ў Беларусі па стандартах міжнароднага крымінальнага права, каб зрабіць чарговы крок да адказнасці Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасці і ваенныя злачынствы”, удакладняецца ў рэлізе АПК.

Паводле звестак Лабараторыі гуманітарных даследаванняў Ельскага ўніверсітэта (ЗША), якія ўтрымліваюцца ў апублікаванай 16 лістапада справаздачы амерыканскай некамерцыйнай арганізацыі “Абсерваторыя канфліктаў”, з Украіны ў Беларусь з пачатку развязанай РФ вайны вывезена не менш за 2.442 дзяцей 6–17 гадоў. Згодна з дакументам, дзяцей (у тым ліку з уразлівых груп насельніцтва) прывозілі ў 13 беларускіх устаноў.

У ліку датычных да перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей у Беларусь названыя беларускі паралімпіец і праўладны грамадскі дзеяч Аляксей Талай, ААТ “Беларуськалій”, праўладны Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.

17 сакавіка гэтага года Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмена Марыі Львовай-Бяловай за вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый.

Беларускія дэмсілы дамагаюцца таго ж у дачыненні да Лукашэнкі. 13 верасня Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю з заклікам да МКС разгледзець магчымасць выдаць ордэр на яго арышт.

1 снежня Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца прыпыніла членства Беларускага Чырвонага Крыжа (БЧК), паколькі БЧК не вызваліў ад пасады генеральнага сакратара Дзмітрыя Шаўцова, які абвінавачваецца ў дачыненні да вывазу дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны.

Гл. таксама:

Латушка абмеркаваў з амбасадарамі пры Савеце Еўропы прыцягненне рэжыму Лукашэнкі да адказнасці

Латушка прапанаваў Мінюсту Польшчы стварыць сумесную з НАУ працоўную групу для “забеспячэння адказнасці Лукашэнкі”

Падзяліцца: