Мінск 15:24

Праз дзяржпалітыку дыскрымінацыі грамадства перастае лічыць патрэбным падтрымліваць беларускую мову — МСБП

Крыніца: часопіс VSU Online

2 лютага, Позірк. У Беларусі захоўваецца тэндэнцыя пагаршэння статусу беларускай мовы, гаворыцца ў аглядзе парушэнняў моўных правоў за другую палову 2023 года, падрыхтаваным Міжнародным саюзам беларускіх пісьменнікаў (МСБП).

У дакуменце канстатавана, што дзяржава “не робіць ніякіх захадаў для паляпшэння сітуацыі, але працягвае палітыку дыскрымінацыі мовы і яе носьбітаў”. Такая палітыка “прыводзіць да таго, што само грамадства не лічыць неабходным падтрымліваць і пашыраць ужытак” беларускай мовы.

У пацвярджэнне сваёй высновы аўтары агляду прыводзяць леташняе даследаванне інстытута “Палітычная сфера”, якое зафіксавана пераважнае нежаданне беларускіх гараджан нейкім чынам мяняць колькасць прадметаў, якія выкладаюцца ў школах па-руску і па-беларуску, а таксама невысокую цікавасць да павелічэння колькасці дысцыплін, якія вывучаюцца па-беларуску, за кошт скарачэння рускамоўнай практыкі.

На гэтым фоне, гаворыцца ў аглядзе, улады “заклікаюць змагацца за правы рускай мовы ў свеце, становішча якой пагоршылася ў сувязі з вайной Расіі супраць Украіны”. У гэтым кантэксце ў дакуменце згаданы выступ на бішкескім саміце СНД летась у кастрычніку Аляксандра Лукашэнкі, які падтрымаў ініцыятыву прэзідэнта Казахстана Касым-Жамарта Такаева “стварыць міжнародную арганізацыі па рускай мове”, назваўшы валоданне гэтай мовай “найвялікшым здабыткам”.

За другую палову 2023 года МСБП налічыў на падставе адкрытых крыніц больш як 40 выпадкаў дыскрымінацыі беларускай мовы.

Развіццё беларускай мовы дзесяцігоддзямі было прэрагатывай грамадскіх ініцыятыў і арганізацый. Пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года рэжым Лукашэнкі разгарнуў маштабныя рэпрэсіі, у выніку якіх было ліквідавана мноства арганізацый і ініцыятыў, што развівалі беларускую культуру, у тым ліку Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр, Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, шэраг прыватных выдавецтваў, якія спецыялізаваліся на перакладах на беларускую мову і сучаснай беларускамоўнай літаратуры.

У краіне праводзіцца палітыка русіфікацыі. Паводле перапісу насельніцтва, колькасць беларусаў, якія лічаць сваёй роднай мовай беларускую, знізілася з 85,6% у 1999 годзе да 61,2% у 2019-м.

Намінальна 40% школ у краіне беларускамоўныя, але навучаецца ў іх усяго каля 10% вучняў (крыху больш за 100 тыс.).

Падзяліцца: