Мінск 10:55

Кавалеўскі чакае “новага зместу” супрацы дэмсіл з Украінай пасля прызначэння амбасадара па Беларусі

Фота: прэс-служба АПК

3 лютага, Позірк. Аб’яднаны пераходны кабінет (АПК) вітае прызначэнне Ігара Кізіма амбасадарам Украіны па асаблівых даручэннях па Беларусі, заявіў 3 лютага прадстаўнік АПК па замежных справах Валер Кавалеўскі.

“Спадар Кізім даўно і добра ведае Беларусь, асаблівасці нашай краіны, сітуацыі ўнутры і вакол яе. Я перакананы, што новы дыпламатычны ўзровень нашых стасункаў дазволіць напоўніць супрацу дэмакратычных сіл Беларусі з афіцыйным Кіевам новым зместам на карысць народаў Беларусі і Украіны”, — цытуе палітыка прэс-служба кабінета.

Паводле слоў Кавалеўскага, сітуацыя ў Беларусі “сапраўды з’яўляецца асаблівай, у тым ліку для будучага вольнай, незалежнай, еўрапейскай Украіны і для ўсяго рэгіёну Цэнтральнай і Усходняй Еўропы”.

Раней Кізім, пацвердзіўшы прызначэнне на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”, адзначыў, што “цяпер любое пытанне, якое датычыцца Беларусі, мае “асаблівы” характар”.

“Зыходзячы з гэтага, у пералік маіх абавязкаў сярод іншага ўваходзяць пытанні, звязаныя з дэмакратычнымі сіламі Беларусі як часткай беларускага грамадства, якая выступае супраць палітыкі цяперашняга кіраўніцтва Беларусі, у прыватнасці падтрымкі расійскай вайсковай агрэсіі супраць Украіны”, — напісаў дыпламат.

Кізім быў амбасадарам Украіны ў Беларусі больш за 6 гадоў, з 16 лютага 2017 года. Заставаўся ў Мінску нават пасля пачатку падтрыманага рэжымам Аляксандра Лукашэнкі поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну з выкарыстаннем беларускай тэрыторыі.

19 красавіка 2023 года ён быў адкліканы ў Кіеў для кансультацый пасля сустрэчы Лукашэнкі з кіраўніком г. зв. “Данецкай Народнай Рэспублікі” Дзянісам Пушыліным. Украінскія ўлады назвалі візіт Пушыліна ў Мінск “спробай легітымізацыі гэтага прадстаўніка расійскай акупацыйнай адміністрацыі ў Данецку”.

Кізім у Беларусь не вярнуўся. 22 чэрвеня прэзідэнт Уладзімір Зяленскі вызваліў яго ад пасады амбасадара.

Раней сваіх спецыяльных прадстаўнікоў па Беларусі, адказных за супрацоўніцтва з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, прызначыў шэраг краін, сярод якіх Швецыя (Крысціна Юханэсан), Літва (Аста Андрыяўскене), Польшча (Артур Міхальскі), Эстонія (Марка Каплімаа). У 2021—2022 гадах спецпрадстаўніком ЗША была Джулі Фішар. Яна была прызначаная амбасадарам у 2020 годзе, але так і не трапіла ў Мінск з-за пазіцыі беларускіх уладаў, якія былі незадаволеныя узмацненнем амерыканскіх санкцый пасля фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і адклікалі згоду на яе прызначэнне. Новы спецпрадстаўнік ЗША пакуль не прызначаны.

Падзяліцца: