Мінск 14:56

Лукашэнка зарабляе дзясяткі мільёнаў фунтаў на кантрабандзе тытуню ў Вялікабрытанію — СМІ

Крыніца: inews.co.uk

5 лютага, Позірк. Нацыянальная статыстычная служба (НСС) Вялікабрытаніі лічыць Беларусь адным з асноўных пастаўшчыкоў на брытанскі рынак нелегальных тытунёвых вырабаў, гаворыцца ў публікацыі выдання inews.co.uk.

Паводле атрыманых медыя дадзеных НСС, у ліпені 2022 года — чэрвені 2023-га Вялікабрытанія імпартавала з Беларусі “напоі і тытунь” на суму 161,6 млн фунтаў стэрлінгаў, што склала 96% усіх беларускіх паставак у гэтую краіну.

Пры гэтым, паводле папярэдніх падлікаў статслужбы, першапачатковы аб’ём імпартаваных з Беларусі “напояў і тытуню” ў азначаны перыяд ацэньваўся на ўзроўні 451 млн фунтаў стэрлінгаў. Пазней ведамства перагледзела суму ў бок змяншэння ў сувязі з “абнаўленнем крыніцы дадзеных”, якая адсочвае адпаведныя пастаўкі. Прычынай карэкціроўкі, сцвярджае inews.co.uk, стала закрыццё “пасля пачатку вайны ва Украіне” пунктаў пропуску на беларуска-літоўскай і беларуска-латвійскай межах, праз якія ішоў “асноўны паток кантрабанды”.

У артыкуле брытанскага СМІ Аляксандр Лукашэнка называецца “галоўным саюзнікам Пуціна”, сцвярджаецца, што на кантрабандзе тытуню ў Вялікабрытанію ён “зарабляе дзясяткі мільёнаў”.

Выданне адзначае, што праваабаронцы і ўрады заходніх краін неаднаразова абвінавачвалі Лукашэнку ў тым, што ён выкарыстоўвае людзей са свайго атачэння “ў якасці “кашалькоў” для папаўнення казны сваёй сям’і і фінансавання рэпрэсій”. Сярод такіх людзей называюцца ўладальнікі кампаніі “Тытунь-Інвест” Павел Тапузідзіс і Віктар Пятровіч, якія знаходзяцца пад санкцыямі ЗША з 5 снежня 2023 года.

31 студзеня Літоўская мытная служба заявіла аб значным скарачэнні (з 4,3 да 2,5 млн пачкаў) колькасці перахопленых на мяжы з Беларуссю кантрабандных цыгарэт у 2023 годзе ў параўнанні з 2022-м.

Падзяліцца: