Мінск 18:42

У 2023 годзе ўзбуджана тры крымінальныя справы аб дзедаўшчыне ў арміі — Мінабароны

Леанід Касінскі
Фота: Віктар Талочка, "Спутник Беларусь"

6 лютага, Позірк. Праблема дзедаўшчыны ў беларускім войску не вырашана, заявіў у праграме “Скажмнемаўчы” на тэлеканале “Беларусь 1” 6 лютага памочнік міністра абароны па ідэалагічнай працы ва Узброеных Сілах — начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Міністэрства абароны Леанід Касінскі.

“Як бы добрая сітуацыя з гэтай праблемай ні была ў арміі, я ніколі не скажу, што мы яе вырашылі”, — падкрэсліў ён, параўнаўшы воінскую дысцыпліну з яздой на веласіпедзе ў гару: “Пакуль ты круціш педалі — ты едзеш, як толькі спыніўся — ты пакаціўся ў адваротны бок”.

Паводле словаў Касінскага, “калі я ці нехта з кіраўніцтва Міністэрства абароны скажа пра тое, што мы вырашылі праблему [дзедаўшчыны], мы адразу створым умовы для таго, каб наступіла самазаспакаенне, а гэтага ні ў якім разе рабіць нельга”.

“Я, не хаваючы, скажу, што за мінулы год мы распачалі ва Узброеных сілах тры крымінальныя справы па фактах парушэння статутных правілаў узаемаадносін. Але гэтыя парушэнні не звязаныя з здзекаваннямі ці нейкімі здзекамі”, — падкрэсліў ён, дадаўшы, што вайсковая служба вельмі дакладна рэгламентаваная статутам, іншымі заканадаўчымі актамі, гэта “тонкая матэрыя”.

Паводле словаў прадстаўніка Мінабароны, “заканадаўства, можа быць, і састарэла, і ўжо трэба нешта мяняць”. “Яно вельмі ў гэтым плане жорсткае. Таму што мы даем адзнаку нават найменшым фактам парушэння гэтых статутных правіл узаемаадносін. І вось гэтыя вось тры выпадкі, якія ў нас былі летась, гэта міжасобасныя канфлікты”, — адзначыў ён, дадаўшы, што ацэнка даецца “найменшым праявам для таго, каб гэта ўсё не перарастала ў здзек”.

Касінскі таксама выказаў меркаванне аб сучаснай моладзі, з якой “трэба працаваць” і “гаварыць ім праўду”.

“Калі ім адзін раз зманеш, яны ўжо верыць не будуць. Нават падзеі 2020 году паказалі. У 2021 годзе да нас ва Узброеныя сілы прыйшло больш за 700 хлапчукоў, якія мелі досвед пратэстнай актыўнасці ў 2020 годзе. І ўжо пасля першых тыдняў, пасля месяца зносін з імі, расказаў ім пра тое, як, што, чаму, адкуль, хлопцы казалі, што калі б мне пра гэта расказалі раней, я б у жыцці нават блізка не пайшоў туды, куды я хадзіў ”, — сказаў памочнік міністра.

Падзяліцца: