Мінск 10:32

Спіс зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты “цалкам наменклатурны” — праваабаронцы

Фота: "Позірк"

8 лютага, Позірк. “Аналіз спісаў зарэгістраваных кандыдатаў дазваляе канстатаваць яго цалкам наменклатурны характар”, — адзначыла 8 лютага экспертная місія па назіранні за выбарамі 2024 года, сфармаваная Беларускім Хельсінкскім Камітэтам і праваабарончым цэнтрам “Вясна” ў межах кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

“Большасць кандыдатаў займае кіруючыя пасады, амаль адсутнічаюць кандыдаты працоўных прафесій, — гаворыцца ў справаздачы. — У адрозненне ад мінулых выбарчых цыклаў усіх кандыдатаў можна назваць праўладнымі, палітычная барацьба паміж імі адсутнічае”.

У дакуменце адзначана, што вылучэнне і рэгістрацыя кандыдатаў прайшло “практычна пры поўнай адсутнасці палітычнай кампаніі як такой”. Падкрэслена, што “ў выніку створанай уладамі атмасферы страху, незалежныя кандыдаты не балатаваліся нават з дапамогай збору подпісаў; вядома пра адну няўдалую спробу зарэгістравацца, распачатую лідарам ліквідаванай партыі “Зялёныя”.

Разам з тым назіраецца “рэзкі рост партыйнага прадстаўніцтва” за кошт створанай летась партыі “Белая Русь” — яе членамі ёсць 42,3% кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў і 27,6% кандыдатаў у мясцовыя саветы. Пры гэтым, лічаць праваабаронцы, “імітацыйны характар такой партыйнасці відавочны з наяўнасці значнай колькасці акругаў, дзе супрацьстаяць адзін аднаму члены гэтай партыі”.

Тое, што зарэгістравана 265 кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў “пры самым нізкім адсотку адмоў” (8,4%), на думку праваабаронцаў, “паказвае на перадвызначанасць працэсаў вылучэння”. На іх думку, “прасочваецца логіка — “як мінімум два чалавекі ў бюлетэні на акругу” для таго, каб забяспечыць фармальную канкурэнтнасць”.

Сярэдняя колькасць зарэгістраваных кандыдатаў на пасялковым узроўні — адзін кандыдат на месца, на сельскім — 1,2. Гэта, лічаць праваабаронцы, паказвае на “адсутнасць палітычнай ініцыятывы, з’яўляецца следствам атмасферы страху і сведчыць пра вельмі высокую ступень адміністрацыйнага кантролю (загадзя ўзгодненыя спісы кандыдатаў, што вылучаюцца)”.

Экспертная місія збірае і аналізуе інфармацыю пра выбарчую кампанію з адкрытых крыніц і паведамленняў ад выбаршчыкаў з Беларусі.

У 2024 годзе ўпершыню ў Беларусі пройдуць аб’яднаныя выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы дэпутатаў. Адзіны дзень галасавання прызначаны на 25 лютага. 



Падзяліцца: