Мінск 04:01

Беларускі Чырвоны Крыж хоча абавязаць мінскіх медыкаў пералічваць грошы арганізацыі — Фонд медсалідарнасці

Скрыншот: Фонд медыцынскай салідарнасці

18 лютага, Позірк. Беларускі Чырвоны Крыж (БЧК) звярнуўся ў Мінскі гарвыканкам з просьбай “аказаць садзейнічанне” ў пералічэнні грошай арганізацыі з боку медработнікаў, паведаміў 18 лютага на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” Фонд медыцынскай салідарнасці.

Фонд апублікаваў адпаведны ліст Мінскай гарадской арганізацыі БЧК на імя старшыні камітэта аховы здароўя Мінгарвыканкама Ігара Юркевіча. Ліст датаваны 24 студзеня.

Чырвоны Крыж просіць у сталічных уладаў дапамогі “ў пераходзе на фіксаванае членства ў першасных арганізацыях Беларускага Чырвонага Крыжа ўстаноў аховы здароўя Мінска шляхам напісання заяў членамі першасных арганізацый на пералік членскіх унёскаў у памеры 1% сярэднямесячнага заробку адзін раз на год”.

Ліст падпісаны старшынёй Мінскай гарадской арганізацыі БЧК Раманіяй Зорынай.

1 снежня 2023 года Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФТЧКіЧП) прыпыніла членства БЧК праз невыкананне кастрычніцкага патрабавання Федэрацыі вызваліць ад пасады генеральнага сакратара Дзмітрыя Шаўцова, які абвінавачаны ў дачыненні да вывазу дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны. Шаўцоў таксама адзначыўся рэзананснымі заявамі аб размешчанай у Беларусі расійскай ядзернай зброі.

“Адхіленне азначае, што БЧК губляе свае правы члена МФТЧКіЧП. Любое новае фінансаванне ў дачыненні да Беларускага Чырвонага Крыжа таксама будзе прыпыненае, — паведаміла міжнародная федэрацыя. — Акрамя таго, БЧК не зможа ўдзельнічаць у Генасамблеі МФТЧКіЧП, а таксама галасаваць або быць абраным на якіх-небудзь статутных сходах МФТЧКіЧП”.

БЧК можа быць адноўлены ў правах, як толькі “выканае рашэнне праўлення” і адхіліць генеральнага сакратара ад пасады.

5 студзеня расследвальніцкі цэнтр “Бюро Медыя” апублікаваў звесткі, з якіх вынікае, што БЧК пазбавіцца фінансавання ў памеры прыкладна 4,42 млн рублёў у выніку прыпынення членства ў Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца.

Падзяліцца: