Мінск 12:32

Колькасць “экстрэмісцкіх” злачынстваў скарацілася ўдвая, апраўдальныя прысуды не выносіліся — Генпракурор

скрыншот відэа прэс-службы Генпракуратуры

19 лютага, Позірк. Колькасць злачынстваў “экстрэмісцкай накіраванасці” ў 2023 годзе скарацілася ў два разы (у 2023 годзе іх было 1.450, у 2022-м — 3.043), у суд накіравана больш за тысячу такіх крымінальных спраў, заявіў 19 лютага на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі генеральны пракурор Андрэй Швед.

Падтрымана дзяржаўнае абвінавачанне па крымінальных справах гэтай катэгорыі ў дачыненні да паўтары тысячы асоб, апраўдальныя прыгаворы судом не пастанаўляліся, удакладніў Швед.

“У адносінах арганізатараў і ўдзельнікаў экстрэмісцкіх структур, якія хаваюцца за межамі Рэспублікі Беларусь, вядзецца спецыяльная вытворчасць. Яно прыменена да 25 асоб. Агульны тэрмін прызначанага ім пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі ўжо складае 341 год”, — сказаў ён.

Генпракурор таксама прывёў інфармацыю аб працы “камісіі па вяртанні” палітэмігрантаў. Паводле яго слоў, за час яе працы на разгляд паступіла больш за 150 заяў, з іх разгледжана 37, якія “адпавядалі ўсім неабходным патрабаванням”.

Як зазначыў генпракурор, у дачыненні да тых, хто звярнуўся, “прымаліся розныя рашэнні”, аднак “каля дзесятка асоб вярнуліся і працягваюць жыць у Беларусі”. З ліку тых, хто вярнуўся, “пяць-шэсць чалавек добраахвотна распавялі пра тыя ўмовы, у якіх яны пражывалі за мяжой, і дзякуюць за магчымасць вярнуцца ў Беларусь”, сцвярджае Швед.

У пачатку 2024 года ў камісію паступіла 12 заяў, удакладніў ён.

Гаворачы аб здзяйсненні “злачынстваў супраць дзяржавы і дзяржаўнасці”, Швед заявіў, што “мы маем справу са злачынцамі і гэта дазваляе нам прымаць і іншыя рашэнні, у тым ліку, канфіскацыі маёмасці і пазбаўленні грамадзянства, і іншыя меры”. Ён запэўніў, што “ў гэтым напрамку будзе работа і далей весціся”.

“Гэтыя людзі не проста замахнуліся на нашу дзяржаўнасць, на нашу краіну, яны ж робяць і заявы, і дзеянні канкрэтныя, звязаныя з тым, каб прычыніць шкоду, эканамічную з аднаго боку. Ужо гаворка ідзе не пра ўладу, пра дзяржаву, а пра простых людзей (заклікі закрываць прадпрыемствы і ўводзіць санкцыі). З іншага боку, робяцца дзеянні і адкрытыя заявы, звязаныя з узброеным захопам улады”, — сказаў генпракурор.

Камісія па “разглядзе зваротаў грамадзян Рэспублікі Беларусь па пытаннях учынення імі правапарушэнняў, якія знаходзяцца за мяжой”, створана ў лютым 2023 года. Яе ўзначальвае Швед.

(Паводле матэрыялаў дзяржСМІ і прэс-службы Генпракуратуры).

Падзяліцца: