Мінск 08:18

Каардынатар польскіх спецслужбаў назваў “поўным глупствам” заявы Лукашэнкі аб падрыхтоўцы правакацыі ў Варшаве

21 лютага, Позірк. “Поўным глупствам” назваў у эфіры Radio ZET заявы Аляксандра Лукашэнкі аб буйнамаштабнай правакацыі супраць грамадзянскага насельніцтва Польшчы, якую нібыта рыхтуюць польская і амерыканская разведкі і ў якой абвінавацяць РФ і Беларусь, міністр — каардынатар спецслужбаў краіны Томаш Семаняк 21 лютага.

Паводле ягоных словаў, да падобных заяваў трэба ставіцца як “да элементаў інфармацыйнай вайны”: “На жаль, Лукашэнка нападае на Польшчу, часта прапаноўваючы выдуманыя гісторыі, каб пасеяць напружанасць, прыцягнуць да сябе ўвагу, мабілізаваць грамадскую думку ва ўласнай краіне, паказаць Расіі, што ён настроены супраць Захаду і супраць Польшчы”.

Пры гэтым ён не выключыў магчымасці, што словы Лукашэнкі з’яўляюцца следствам падрыхтоўкі якой-небудзь правакацыі супраць Польшчы з боку Беларусі і Расіі: “Мы павінныя вельмі ўважліва сачыць за тым, што адбываецца ў Беларусі, што кажа прэзідэнт Лукашэнка, і чым займаюцца мясцовыя спецслужбы і войска”.

20 лютага на нарадзе з кіроўным складам дзяржаўных органаў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі Лукашэнка заявіў: “Усе здабытыя разведкай сцэнары рознага роду правакацый, правядзення экстрэмісцкіх акцый з задзейнічаннем баевікоў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Украіны, Польшчы і Літвы, мы ведаем і неадкладна агалошваем, наколькі магчыма”.

“Цяпер падтрымаем гэтую традыцыю. Яшчэ адна аператыўная інфармацыя. Даслоўна цытую (гэта ўжо для палякаў важна): “Польская і амерыканская разведкі рыхтуюць буйнамаштабную правакацыю супраць грамадзянскага насельніцтва Польшчы, у якой абвінавацяць Расію і Беларусь”, — сказаў ён.

Таксама, паводле сцвярджэння Лукашэнкі, Варшава нібыта “спрабуе завербаваць высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, якія змогуць замяніць нашых “ціхаў” і “лахаў” (так Лукашэнка прыніжальна называе дэмакратычныя сілы і апазіцыю, перакручваючы прозвішчы Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі. — “Позірк”.)”.

“Яны будуць шукаць і ствараць новых лаяльных да Захаду і больш эфектыўных дзеячаў тут. У ход пойдуць усе метады — ад банальных подкупу і шантажу да пагроз жыццю і здароўю вам і вашым блізкім і родным. У фокусе ўвагі можа быць хто заўгодна”, — сказаў на заканчэнне ён.

Падзяліцца: