Мінск 23:18

Беларусь не бачыць “аніводнай прычыны прыслухацца” да Дзярждэпа ЗША наконт выбараў — МЗС

Фота: БелТА

26 лютага, Позірк. “З юрыдычнага пункту гледжання” не бачна “ніводнай прычыны”, чаму Мінск павінен “прыслухацца да заяў Дзяржаўнага дэпартамента ЗША пра адзіны дзень галасавання ў Рэспубліцы Беларусь”, такім чынам прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Анатоль Глаз пракаментаваў рэакцыю афіцыйнага прадстаўніка амерыканскага знешнепалітычнага ведамства Мэцью Мілера на выбары ў Палату прадстаўнікоў и мясцовыя саветы дэпутатаў, якія прайшлі напярэдадні.

“Мы ўсю ноч разам з ЦВК Беларусі шукалі грамадзяніна Мілера ў спісах выбаршчыкаў, каб вызначыць, якая з акруговых камісій павінна даць адказ на яго скаргу, — адзначыў ён. — Так яго і не знайшлі. Потым правялі паглыбленыя кансультацыі з юрыстамі, каб зразумець, якое дачыненне Дзяржаўны дэпартамент ЗША мае да выбараў у нашай краіне. Таксама сувязі не знайшлі. Пасля гэтага мы паспрабавалі адшукаць у міжнародным праве вызначэнне ролі ЗША як ацэншчыка выбарчага працэсу ў незалежных дзяржавах. І тут таксама не знайшлі такога права”.

Глаз “настойліва рэкамендаваў” амерыканскім уладам “увесці абавязковае тэставанне для супрацоўнікаў на веданне асноў міжнародных стасункаў і міжнароднага права, часткай якога з’яўляецца і Статут ААН”.

“Там шмат найважнейшай інфармацыі, у тым ліку пра суверэнітэт, незалежнасць і неўмяшанне ва ўнутраныя справы іншых дзяржаў”, — сказаў прэс-сакратар МЗС. Ён падкрэсліў, што выбары ў Беларусі прайшлі “пад абаронай і ў поўнай адпаведнасці з беларускім заканадаўствам”.

“І мы не супраць, калі выбары ў ЗША, якімі б дзіўнымі яны не здаваліся большасці краін свету, будуць праходзіць у поўнай адпаведнасці з амерыканскім заканадаўствам, — дадаў ён. — Што да дыпламатыі і непасрэднай кампетэнцыі МЗС Беларусі і Дзярждэпартамента ЗША, то яшчэ раз пацвярджаем адкрытасць да раўнапраўнага і ўзаемапаважлівага дыялогу з амерыканскім бокам”.

Раней Мілер заявіў, што ЗША асуджаюць праведзеныя рэжымам Аляксандра Лукашэнкі “фіктыўныя парламенцкія і мясцовыя выбары”. Паводле яго слоў, выбары прайшлі ў атмасферы страху, у якой ніводную выбарчую працэдуру нельга было назваць дэмакратычнай.

“Рэжым па-ранейшаму трымае больш за 1.400 палітвязняў. Усе незалежныя палітычныя дзеячы альбо затрыманыя, альбо выгнаныя. Усім незалежным палітычным партыям было адмоўлена ў рэгістрацыі. Беларусы за мяжой маглі галасаваць толькі ў тым выпадку, калі яны вернуцца ў Мінск, дзе яны, верагодна, падвергліся б рэпрэсіям”, — адзначыў прадстаўнік Дзярждэпа ЗША.

Пераважную большасць месцаў у Палаце прадстаўнікоў занялі члены "Белай Русі" і беспартыйныя

26 лютага, Позірк. Каля дзвюх трацін дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага склікання — 70 са 110 — з'яўляюцца членамі праўладных палітычных партый, якія засталіся ў Беларусі, сведчыць праведзены "Позіркам" аналіз папярэдніх вынікаў адзінага дня галасавання 25 лютага. 51 месца ў ніжняй палаце парламента …
Падзяліцца: