Мінск 02:54

“Больш за 87% насельніцтва” падтрымлівае дзейную ўладу, сцвярджае Лукашэнка

Фота: агенцтва "Мінск-Навіны"

26 лютага, Позірк. “Цяперашнюю ўладу падтрымліваюць больш як 87% насельніцтва, адназначна падтрымліваюць”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка 26 лютага ў Мінску на сустрэчы з генеральным сакратаром Садружнасці Незалежных Дзяржаў Сяргеем Лебедзевым, кіраўніком місіі наглядальнікаў ад СНД на выбарах, што прайшлі напярэдадні.

“Маецца невялікая колькасць тых, хто вагаецца”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

“Таму ў гэтым электаральным цыкле нам трэба аналізаваць і рабіць адпаведныя высновы, трэба сёе-тое выпраўляць, — сказаў ён. — Такіх праблем у нас не шмат. Мы за год іх падцягнем, выправім. І я ўпэўнены, што людзі яшчэ ў большай колькасці прыйдуць на прэзідэнцкія выбары”.

Лукашэнка “не чакаў нават”, што “будзе такая яўка на выбарах”: “У нас ніколі не было ў мясцовыя саветы, у парламенцкія выбары такой яўкі” (аналіз “Позірку” сведчыць, што яўка была самай нізкай пасля 2000 года).

“Нюансаў хапае. У тым ліку і беглыя нам тут са сваімі нязграбнымі целарухамі дапамаглі. Самае галоўнае, людзі зразумелі цяперашні момант, правільна ўспрымаюць, характарызуюць яго”, — лічыць Лукашэнка.

Ён падзякаваў місіі СНД за “сяброўскую працу”, назваўшы яе прадстаўнікоў “не толькі самымі актыўнымі назіральнікамі, але і фактычна зацікаўленымі арганізатарамі выбараў”.

Адзіны дзень галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы дэпутатаў прайшоў 25 лютага. Электаральная кампанія вялася на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазіцыі. У ёй удзельнічалі выключна прыхільнікі Лукашэнкі.

Каля дзвюх трацін дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага склікання — 70 са 110 — з’яўляюцца членамі праўладных палітычных партый, якія засталіся ў Беларусі, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз папярэдніх вынікаў адзінага дня галасавання 25 лютага.

Пра непрызнанне выбараў заявіў Дзяржаўны дэпартамент ЗША, з адпаведным заклікам выступіла парламенцкая група “За дэмакратычную Беларусь” у Вярхоўнай Радзе Украіны.

Выніковая афіцыйная яўка на выбары стала самай нізкай пасля 2000 года

* Вечерам 25 лютага ЦВК паведаміла пра яўку на ўзроўні 72,98%, ноччу 26 лютага павысіла яе да 73,09%. У матэрыял унесена актуальная лічба. 26 лютага, Позірк. Выніковая афіцыйная яўка на парламенцкія і мясцовыя выбары 25 лютага стала самай нізкай пасля …
Падзяліцца:
be