Мінск 07:58

За чатыры гады пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў Беларусі скарацілася больш як на 60 тыс.

20 кастрычніка, Позірк. На 1 кастрычніка гэтага года пагалоўе буйной рагатай жывёлы (каровы, быкі, цяляты і інш.) у Беларусі складала 4 млн. 168,7 тыс. — на 1,5% менш (-61,7 тыс.), чым на аналагічную дату 2019-га, сведчаць даныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Пагалоўе кароў за чатыры гады скарацілася на 2% (1.399,8 млн; -28,1 тыс.), свіней — на 8,2% (2 млн 257,7 тыс.; -210,7 тыс.), птушкі — на 3,8% (47 млн 284,4 тыс.; -1 млн 843,4 тыс.).

19 кастрычніка Генеральная пракуратура паведаміла пра “факты злачынных дзеянняў службовых асоб” аднаго з аграрных прадпрыемстваў Клецкага раёна (Мінская вобласць). Фігуранты крымінальнай справы “скрылі падзёж 211 галоў буйной рагатай жывёлы коштам звыш 135 тыс. рублёў”.

Паводле звестак МУС, у 2022 годзе было ўзбуджана 480 крымінальных спраў, звязаных з утойваннем склону, з пачатку гэтага года — 205, што складае трэць агульнай колькасці эканамічных злачынстваў у аграрнай сферы.

22 верасня ў Салігорску (Мінская вобласць) на семінары-нарадзе аб развіцці жывёлагадоўлі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў 2022 годзе вытворчасць буйной рагатай жывёлы знізілася ў Гомельскай, Віцебскай і Магілёўскай абласцях. “З года ў год пагалоўе буйной рагатай жывёлы зніжаецца: за пяць гадоў — больш чым на 100 тыс. галоў, у тым ліку ў 2022 годзе — на 22 тыс. Асноўная прычына — падзёж (2021 год — 102,8 тыс. галоў, 2022 год — 111 тыс. галоў). Летась рост гэтага паказчыка — у 69 раёнах краіны. Прычым самыя высокія паказчыкі былі ў Старадарожскім (у 3 разы) і Салігорскім (у 2,2 раза) раёнах Мінскай вобласці, Шумілінскім раёне Віцебскай вобласці (у 2 разы)”, — адзначыў Лукашэнка.

Сёлета, паводле яго звестак, рост падзёжу дапушчаны ў 53 раёнах, а ў 14 перавысіў леташні ўзровень у 1,5 раза. У Чашніцкім раёне Віцебскай вобласці падзёж вырас амаль у 3 разы, у Краснапольскім раёне Магілёўскай вобласці — у 4.

У асобных сельгасарганізацыях жывёлу ўтрымліваюць у антысанітарных умовах, адсутнічае падсцілачны матэрыял, не своечасова прыбіраецца гной, не выконваюцца рацыёны кармлення і тэмпературны рэжым, заявіў Лукашэнка.

У сакавіку 2019 года ён арганізаваў кадравую чыстку, наведаўшы аграхолдынг “Купалаўскі” ў Магілёўскай вобласці. Умовы ўтрымання жывёлы ён назваў Асвенцымам (лагер смерці на тэрыторыі Польшчы ў гады Другой сусветнай вайны), а адну з кароў — “абасранай”.

Падзяліцца: