Мінск 17:10

Лукашэнка павіншаваў з абраннем новага прэзідэнта Венгрыі, “дружалюбнаму народу” якой пажадаў росквіту

Тамаш Шуёк
Фота: Zsolnai Péter, blikk.hu

28 лютага, Позірк. Аляксандр Лукашэнка “ад імя беларускага народа і сябе асабіста” павіншаваў Тамаша Шуёка з абраннем на пасаду прэзідэнта Венгрыі, паведамляе прэс-служба аўтара паслання.

“Мінск зацікаўлены ў далейшым развіцці канструктыўнага дыялога з Будапештам на аснове раўнапраўя і ўзаемнай павагі, змястоўных двухбаковых адносін у гандлёва-эканамічнай, энергетычнай, навукова-тэхнічнай, спартыўнай, культурнай і іншых сферах”, — адзначыў Лукашэнка.

Ён выказаў надзею, што пры падтрымцы Шуёка беларуска-венгерскае супрацоўніцтва працягне ўмацоўвацца і пашырацца. Лукашэнка пажадаў яму здароўя і поспехаў на вышэйшай дзяржаўнай пасадзе, а “дружалюбнаму народу” Венгрыі — “росквіту і дабрабыту”.

26 лютага парламент краіны абраў новым прэзідэнтам краіны 67-гадовага Шуёка, які быў старшынёй Канстытуцыйнага суда. Яго кандыдатуру прапанавала кааліцыя кіруючых партый “ФІДЭС — Венгерскі грамадзянскі саюз” і іх малодшых партнёраў — хрысціянскіх дэмакратаў, якія займаюць у парламенце 135 месцаў са 199.

Папярэдняя Шуйка Каталін Новак 10 лютага падала ў адстаўку пасля скандалу, звязанага з яе рашэннем аб памілаванні мужчыны, асуджанага па крымінальнай справе аб сексуальным гвалце ў дзіцячым доме.

Венгрыя застаецца адзінай краінай Еўрасаюза, якая падтрымлівае публічныя кантакты з афіцыйным Мінскам. Як член ЕС яна была вымушана далучыцца да санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, але прадстаўнікі венгерскіх улад неаднаразова заяўлялі, што не падтрымліваюць іх увядзенне.

У кастрычніку 2023 года міністр замежных спраў Венгрыі Петэр Сіярта ўдзельнічаў у канферэнцыі “Еўразійская бяспека: рэальнасць і перспектывы ў трансфармаваным свеце” ў Мінску. Таксама Сіярта наведваў Беларусь у лютым мінулага года. У тым жа месяцы была падпісана Праграма супрацоўніцтва паміж МЗС дзвюх краін на 2023 год, якая прадугледжвала “працяг дыялогу, комплекс мер па стымуляванні эканамічнага супрацоўніцтва, адукацыйных і культурных абменаў”.

Летась у канцы верасня Лукашэнка прыняў даверчыя граматы ад новага амбасадара Венгрыі ў Беларусі Зіты Ілоны Бенчык. Такім чынам, Венгрыя з’яўляецца адзінай краінай ЕС, амбасадар якой уручыў граматы Лукашэнку пасля падзеяў 2020 года.

Падзяліцца: