Мінск 06:15

“Кошт урада”: Апераджальны рост імпарту на фоне росту экспарту стварае трывожную карціну для знешняга гандлю

Фота: "Белгазета"

29 лютага, Позірк. “Вынікі знешняга гандлю таварамі ў знешнім гандлі Беларусі за 2023 год выявіліся вельмі супярэчлівымі. У іх пры жаданні можна знайсці пазітыў — рост экспарту, але ёсць і негатыў — апераджальны рост імпарту. Узятыя разам, яны ствараюць хутчэй трывожную карціну”, — лічаць эксперты праекта “Кошт урада”.

Эксперты нагадваюць, што “асноўную частку знешняга гандлю складае гандаль таварамі, якія дзеляцца на інвестыцыйныя, прамежкавыя і спажывецкія”: інвестыцыйныя тавары — гэта абсталяванне, прамежкавыя — сыравіна і матэрыялы, спажывецкія — тавары, якія можна купіць у крамах.

Асноўны аб’ём тавараў, якія закупляе або прадае беларуская эканоміка, прадстаўлены прамежкавымі. “Паводле звестак Белстата, за 2023 год аб’ём экспарту тавараў гэтай катэгорыі вырас на 6,1%, а імпарту — на 2,8%. Купля замежнай сыравіны і рознага роду камплектуючых летась на 4,1 млрд долараў пераўзыходзіла беларускі экспарт аналагічных тавараў. Годам раней адмоўнае сальда тут было 4,6 млрд долараў”, — адзначаюць аналітыкі.

Экспарт інвестыцыйных тавараў за год вырас на 0,3%, імпарт — на 50,5%.

Аналагічная сітуацыя назіралася па групе спажывецкіх тавараў, дзе экспарт павялічыўся на 5,4%, тады як імпарт — на 27,7%.

“У абодвух выпадках разбежка ў росце экспарту і імпарту — шмат у чым вынік абыходу санкцый у дачыненні да Расеі і выкарыстанне Беларусі як пракладкі на шляху важных для суседняга рынку тавараў”, — мяркуюць экспэрты.

Яны звяртаюць увагу на тое, што лепш за ўсё з экспартам усіх трох груп тавараў ішла ў канцы першага і другім квартале 2023 года, а бліжэй да заканчэння года сітуацыя пагоршылася: у лістападзе і снежні імпарт “апынуўся вышэй экспарту і павялічваў ціск на эканоміку праз адмоўнае знешнегандлёвае сальда”.

Гл. таксама:

Дадатнае сальда знешняга гандлю Беларусі за 12 месяцаў скарацілася амаль у сем разоў

Адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі за месяц павялічылася на 10,4%

Падзяліцца: