Мінск 14:39

Наўседа: Жалезную заслону апускае Лукашэнка, а не Літва

Фота: старонка Наўседы ў "Фэйсбуку"

29 лютага, Позірк. Вільнюс прыняў правільнае рашэнне аб закрыцці з 1 сакавіка яшчэ двух пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю, заявіў 29 лютага прэзідэнт гэтай балтыйскай дзяржавы Гітанас Наўседа.

“Жалезную заслону апускае Лукашэнка, а не Літва, — прыводзіць словы прэзідэнта Delfi. — Ён апускае яе ўжо чатыры гады. Найперш тым, што выбары былі нелегітымнымі, тым, што асноўныя правы чалавека былі парушаныя і працягваюць масава парушацца”.

Адзначыўшы, што Беларусь “стала інструментам Расіі”, Наўседа падкрэсліў, што суседняя краіна — “гэта проста плацдарм для варожых дзеянняў супраць Украіны”.

“Усяго гэтага дастаткова, каб суседнія дзяржавы дыстанцыяваліся ад дыктатара, гэта зрабілі Латвія і Польшча. У іх усяго па адным пункце — у нас будзе два. На гэты перыяд гэтага дастаткова”, — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Урад Літвы прыняў рашэнне аб закрыцці з 1 сакавіка пагранічных пераходаў Лаварышкес (з беларускага боку Катлоўка) і Райгардас (Прывалка).

Такім чынам, на мяжы з Беларуссю прадоўжаць працаваць два пункты пропуску з шасці — Мядзінінкай (Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі). КПП Шумскас (Лоша) і Твярячус (Відзы) былі зачыненыя 18 жніўня 2023 года.

Акрамя гэтага ў астатніх пунктах Літва забараніла рух пешаходаў і веласіпедыстаў, а колькасць дазволаў на пасажырскія перавозкі скараціла на 50%.

Паводле слоў міністра ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайтэ, “закрыццё пагранічных пунктаў дазволіць нам забяспечыць лепшы кантроль за выкананнем санкцый”.

Яна не лічыць, што закрыццё пунктаў пропуску ў большай ступені паўплывае на звычайных беларусаў, “бо два пераходы на мяжы застаюцца адкрытымі”. Пры гэтым яна прыгразіла далейшымі абмежаваннямі, “калі ўзнікнуць новыя пагрозы або сітуацыя на беларуска-літоўскай мяжы зменіцца”.

Кіраўнік Службы аховы дзяржмяжы Літвы Рустам Любаеў запэўніў, што планаў закрыць апошнія пункты пропуску няма, дадатковыя меры праверкі беларусаў на мяжы ўводзіцца пакуль не будуць.

Падзяліцца: