Мінск 06:55

Гарбунова атрымала міжнародную прэмію за адвагу з рук Блінкена і першай лэдзі ЗША

Скрыншот: ютуб-канал Белага дома

4 сакавіка, Позірк. Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова 4 сакавіка атрымала міжнародную жаночую прэмію за адвагу (IWOC) з рук дзяржсакратара Злучаных Штатаў Энтані Блінкена і першай лэдзі ЗША Джыл Байдэн.

Цырымонія прайшла ў Вашынгтоне, яе транслявалі ў жывым эфіры на сайтах Белага дома і Дзярждэпу.

Прадстаўляючы Гарбунову, спецыяльны прадстаўнік Дзярждэпартамента па пытаннях расавай роўнасці і справядлівасці Дэзірэ Карм’е Сміт адзначыла, што беларуска з’яўляецца “былой зняволенай рэжыму Лукашэнкі за арганізацыю жаночых маршаў”, “падчас зняволення падвяргалася псіхалагічным катаванням і пагрозе смерці”. “Цяпер яна смела змагаецца за абарону палітычных зняволеных і аказвае падтрымку іх сем’ям як сябра беларускага дэмакратычнага руху ў выгнанні”, — сказала Сміт.

У каментары “Позірку” перад атрыманнем прэміі Гарбунова заявіла, што расцэньвае ўзнагароду як “выражэнне прызнання ўкладу адважных беларускіх жанчын, якія ўжо больш за 20 гадоў, да гэтага часу адстойваюць справядлівасць і прасоўванне гендэрнай роўнасці ў Беларусі”. “Гэтую прэмію да мяне атрымала ў 2011 годзе Наста Палажанка, якая цяпер Дашкевіч, а ў 2021-м — Марыя Калеснікава. Цяпер я. Але гэта прэмія для ўсіх адважных жанчын у Беларусі”, — падкрэсліла прадстаўніца АПК.

Паводле яе слоў, “адважныя жанчыны ў Беларусі — гэта жанчыны, якія пацярпелі ад хатняга гвалту, згвалтаванняў і гандлю людзьмі, гэта людзі, якія змагаліся за сваё жыццё, некаторыя змагаліся да самага канца”.

“Адважная жанчына — гэта беларуска Ліза, якую згвалтавалі і забілі ў цэнтры Варшавы, — сказала яна. — Некаторыя пацярпелыя праз боль і страх быць асуджанымі дзяліліся сваімі гісторыямі з намі ўсе гэтыя гады. Яны ўплывалі на змены ў грамадстве ў гэтай тэме, аб’ядноўваліся і дапамагалі іншым пацярпелым. Так калісьці, дарэчы, стварылася арганізацыя “Радзіслава”, у якой я прапрацавала амаль 20 гадоў. Яна стваралася менавіта такімі бітымі жанчынамі”.

“Адважныя жанчыны ў Беларусі — гэта актывісткі, праваабаронцы, якія робяць нябачную для многіх, але велізарную працу па абароне правоў жанчын. <…>. Гэта ўсе жанчыны, якія выйшлі ў 2020 годзе адстойваць свой голас, сваю грамадзянскую пазіцыю, якія асудзілі гвалт. А цяпер больш за 187 жанчын знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі, а больш за тысячу прайшлі праз турмы, несправядлівыя суды”, — дадала Гарбунова.

Аб прысуджэнні ёй прэміі IWOC 3 сакавіка паведаміў заснавальнік узнагароды Дзярждэпартамент ЗША. Да прэміі ў гэтым годзе таксама прадстаўленыя жанчыны з Афганістана, Бангладэш, Босніі і Герцагавіны, Гамбіі, Ірана, Кубы, Марока, М’янмы, Уганды, Эквадора і Японіі.

Пасля ўзнагароджання лаўрэаты прымуць удзел у вочнай праграме International Visitor Leadership Program і дадатковых праграмах у Лос-Анджэлесе, падчас якіх яны разам з амерыканскімі калегамі абмяркуюць “стратэгіі і ідэі па пашырэнні правоў і магчымасцяў жанчын і дзяўчынак ва ўсім свеце”.

Амерыканскае знешнепалітычнае ведамства з 2007 года ўручае IWOC “жанчынам з усяго свету, якія прадэманстравалі выключную мужнасць, сілу і лідарства ў адстойванні міру, справядлівасці, правоў чалавека, гендарнай роўнасці і раўнапраўя, а таксама пашырэння правоў і магчымасцяў жанчын і дзяўчынак ва ўсёй іх разнастайнасці — часцяком з вялікай рызыкай і самаахвяраваннем”.

Падзяліцца: