Мінск 14:10

Літва можа забараніць увоз і транзіт сельгаспрадукцыі з Беларусі

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

4 сакавіка, Позірк. Літоўскія ўлады могуць увесці часовую забарону на ўвоз і транзіт “сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў” расійскай і беларускай вытворчасці, паведамляе партал навін Delfi.

Разгляд адпаведнай папраўкі ў закон “Аб сельскай гаспадарцы, харчаванні і развіцці вёскі” зарэгістраваў кіраўнік камітэта Сейма па эканоміцы Казіс Старкявічус.

Удакладняецца, што забарону прапануецца ўвесці з 15 красавіка гэтага года да 1 ліпеня 2025-га.

4 лютага прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск падчас прэс-канферэнцыі ў Вільнюсе заявіў пра намер ініцыяваць увядзенне “поўных санкцый” на ўвоз у Еўрасаюз сельскагаспадарчых і харчовых тавараў з Беларусі і Расіі.

Пра гэта Туск паведаміў па выніках перамоваў з прэзідэнтам і прэм’ер-міністрам Літвы Гітанасам Наўседам і Інгрыд Шыманітэ.

Паводле слоў польскага прэм’ера, “агульнаеўрапейскае рашэнне [аб увядзенні такіх санкцый] будзе непараўнальна больш эфектыўным, чым асобныя рашэнні краін рэгіёну”. “Гаворка ідзе пра тое, каб зрабіць санкцыі больш рэалістычнымі і ўзмацніць іх у сувязі з нападам Расіі на Украіну і супрацоўніцтвам Беларусі з РФ”, — сказаў Туск.

Падзяліцца: