Мінск 04:50

BySol і ABBA сабралі больш за 10 тыс. еўра для жанчын-палітзняволеных — акцыя прымеркаваная да 8 сакавіка

Крыніца: bysol.org

4 сакавіка, Позірк. Фонд салідарнасці BySol і Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой (ABBA) сабралі неабходныя 10 тыс. еўра для жанчын-палітзняволеных у рамках сумеснай дабрачыннай акцыі, прымеркаванай да Міжнароднага жаночага дня 8 сакавіка.

Сузаснавальнік і кіраўнік фонду праваабаронца Андрэй Стрыжак у сваім тэлеграм-канале падзякаваў ахвярадаўцам за “салідарнасць і актыўнасць у зборы”.

“Дзякуючы вам мы закрыем 20 заявак па 500 еўра для жанчын, якія цяпер за кратамі”, — напісаў ён.

Стрыжак паведаміў, што збор працягнецца да 9 сакавіка: “Кожныя сабраныя звыш запланаванай сумы 500 еўра — гэта дадатковая закрытая заяўка”.

На гэты момант сабрана 10.732 еўра.

1 сакавіка збор падтрымала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

“Сёння не менш за 180 беларусак знаходзяцца за кратамі за свае палітычныя погляды і барацьбу за справядлівасць, — адзначыла палітык. — Сярод іх ёсць і шматдзетныя маці, і пенсіянеркі, і жанчыны з сур’ёзнымі захворваннямі. Іх змяшчаюць у ШІЗА, ім прысуджаюць дадатковыя гады зняволення, катуюць — фізічна і псіхалагічна”.

“Я не ведаю, што адчувае кожная з гэтых жанчын, але вельмі хачу, каб яны ведалі, што яны не адны, што пра іх памятаюць і іх падтрымліваюць. На жаль, спосабаў дапамагчы нашым палітвязням цяпер няшмат. Але паўдзельнічаць у зборы — як раз адзін з іх”, — сказала дэмлідар.

На 4 сакавіка ў Беларусі 1.404 палітвязняў.

Падзяліцца: