Мінск 18:07

Лукашэнка прапанаваў падладзіць час працы дзіцячых садкоў пад бацькоў, запэўніў у падтрымцы мацярынства і дзяцінства

Фота: Міжнародны адукацыйны партал / Ірына Маліноўская

5 сакавіка, Позірк. “Паглядзець на рэжым працы дзіцячых садкоў і падладзіцца пад бацькоў” прапанаваў Аляксандр Лукашэнка 5 сакавіка ў Мінску на сустрэчы з актывам Беларускага саюза жанчын.

Паводле слоў, якія перадае яго прэс-служба, “і падчас навучання ў школе, асабліва пачатковай”, жанчыны “мусяць быць упэўненыя, што дзеці будуць пад наглядам педагогаў да вечара, калі ў гэтым ёсць неабходнасць”. На яго думку, у гэтым выпадку маці неабавязкова будзе “працаваць на аддаленні”.

Лукашэнка запэўніў, што Беларусь як “самая-самая сацыяльная дзяржава” працягне падтрымліваць мацярынства і дзяцінства, выплачваючы сямейны капітал, дзіцячыя дапаможнікі, а таксама не “замахваючыся” на адпачынкі па доглядзе за дзіцем. Ён паабяцаў адшукаць патрэбныя сродкі, “каб дзіцячая медыцына ішла ў нагу з сусветнай, а дзіцячыя аздараўленчыя цэнтры былі ўзорам для пераймання”.

На момант пачатку рэалізацыі праграмы сямейнага капіталу ў Беларусі, паводле яго слоў, было каля 63 тыс. шматдзетных сем’яў, а цяпер іх колькасць перавышае 120 тыс.

“Мяркуйце самі. Мы вырашаем найважнейшае пытанне. Няма больш важнага пытання, чым прыбаўленне, прырост нашага насельніцтва. У нас з гэтым праблемы. Я часта кажу: 15 мільёнаў, а то і 20 мільёнаў [жыхароў] наша Беларусь з нашымі працаздольнымі людзьмі і рэсурсамі змагла б накарміць, улічваючы геапалітычнае нашае становішча”, — заявіў Лукашэнка.

Гл. таксама:

У Беларусі чарговы раз пастрожылі ўмовы датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу

Падзяліцца: