Мінск 13:57

Палітвязнямі прызнаныя яшчэ чатыры чалавекі

Фота: unsplash.com / Marco Chilese

6 сакавіка, Позірк. Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала палітычнымі зняволенымі яшчэ чатырох чалавек, вынікае з сумеснай заявы, апублікаванай на сайце цэнтра “Вясна”.

Гаворка пра Рамана Забелу, Ілью Палонскага, Максіма Назарчука і Дар’ю Мандзік. Усе яны былі затрыманыя 14 лютага 2024 года і зараз знаходзяцца ў мінскім следчым ізалятары № 1. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, ім выстаўленыя абвінавачанні паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Адпаведная частка гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе арышту, абмежавання волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў ці пазбаўленне волі на тэрмін да 4 гадоў.

Праваабаронцы адзначаюць, што “свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах”. Гэтая свабода “не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што вызначаныя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва або абароны правоў і свабод іншых людзей”.

“Выступленні грамадзян насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканы недаверам да вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаны міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя”, — гаворыцца ў заяве.

Аўтары дакумента заклікалі неадкладна вызваліць Забелу, Палонскага, Назарчука і Мандзік, спыніць іх крымінальны пераслед; неадкладна вызваліць усіх палітвязняў, а таксама грамадзян, “затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд”; спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

Апрача “Вясны” заяву падпісалі “Прававая ініцыятыва”, Офіс па правах людзей з інваліднасцю, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі дом правоў чалавека ім. Барыса Звозскава, Human Constanta і Lawtrend.

Усяго, паводле даных праваабаронцаў, у Беларусі 1.417 чалавек мае статус палітвязня. Рэальныя лічбы грамадзян, якія падвергліся палітычным рэпрэсіям, могуць быць значна большымі.

Падзяліцца: