Мінск 10:38

У Магілёўскай і Віцебскай абласцях адбыліся трэніроўкі па кіраванні фармаваннем тэрытарыяльных войск

6 сакавіка, Позірк. “У межах заняткаў па мабілізацыйнай гатоўнасці” 6 сакавіка прайшла трэніроўка па кіраванні фарміраваннем тэрытарыяльных войскаў Магілёўскай вобласці, паведамляе тэлеграм-канал дзяржаўнага выдання “Магілёўскія ведамасці”.

Яе мэтай названа “павышэнне зладжанасці і навучанасці службовых асоб мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў па кіраванні фармаваннем тэрытарыяльных войскаў”.

У Віцебскай вобласці заняткі па мабілізацыйнай гатоўнасці тэрытарыяльных войскаў адбыліся 4 сакавіка. У іх удзельнічалі супрацоўнікі выканаўчых камітэтаў Віцебскай вобласці, адміністрацыі пунктаў прыёму асабовага складу, ваенных камісараў, афіцэры накіравання тэраабароны, афіцэры запасу, начальнікі аб’ектаў тэраабароны, паведамляе тэлеграм-канал выканкама рэгіёна.

Тэрытарыяльныя войскі — род войскаў Узброеных сіл, які склікаецца ў перыяд вайны або напружанай ваенна-палітычнай абстаноўкі. Выконвае дапаможныя функцыі. Складаецца з асоб, якія прайшлі службу і знаходзяцца ў запасе.

Разам з тым міністр абароны Віктар Хрэнін на сустрэчы з кіраўніцтвам выканкамаў — Мінскага гарадскога і абласных, а таксама ваеннымі камісарамі са сталіцы і рэгіёнаў 26 траўня 2023 года ў Гомелі заявіў, што тэрытарыяльная абарона “з сістэмы, якая забяспечвае, трансфармуецца ў паўнавартасную баявую”.

3 чэрвеня 2022 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што з улікам “негатыўнага ўкраінскага вопыту” прыняў рашэнне “на ўсялякі выпадак пры кожным сельскім савеце мець <…> народнае апалчэнне, гэтую групку людзей”. У выпадку ваенных дзеянняў, упэўнены ён, атрады апалчэнцаў “могуць трансфармавацца ў партызанскі рух і стаць рэзервам для тэрытарыяльнай абароны”.

27 лютага — 1 сакавіка камісія Генеральнага штаба правяла праверку органаў кіравання тэрытарыяльнай абароны Мінска.

Падзяліцца: