Мінск 09:04

Кіраўнік прафсаюза медработнікаў прызнаў праблемы з ростам заробкаў сярэдняга медыцынскага персаналу

Фота: freepik.com

6 сакавіка, Позірк. Суадносіны ўзроўню заработнай платы ўрачоў да сярэдняй па краіне ў 2023 годзе склалі 154,4%, аднак “пакуль не ўдалося дасягнуць гэтага паказчыка па суадносінах заработнай платы сярэдняга медыцынскага персаналу”. Пра гэта заявіў старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя Вячаслаў Шыла на пленуме Рэспубліканскага камітэта галіновага прафсаюза, паведамляюць дзяржСМІ.

Паводле слоў Шылы, пры плане 90% да 2025 года ў 2023 годзе паказчык склаў 86,7%. “У цяперашні час неабходна павышаць памеры аплаты за наяўнасць кваліфікацыйных катэгорый. Адрозненне павінна быць істотным з мэтай матывацыі павышэння ўзроўню кваліфікацыі”, — сказаў кіраўнік праўладнага прафсаюза.

Паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у снежні 2023 года намінальная налічаная сярэдняя зарплата ў сферы аховы здароўя склала 1.973,3 рубля, за студзень — снежань мінулага года яна склала 1.648,4 рубля, рэальная зарплата ў гэтай сферы дзейнасці вырасла ў снежні 2023 года да снежня 2022 года на 20,2%, за студзень — снежань 2023 года да студзеня — снежня 2022 года — на 13,7%.

У студзені 2024 года намінальная налічаная сярэдняя зарплата ў сферы аховы здароўя склала 1.725,2 рубля.

У лістападзе 2023 года міністр фінансаў Юрый Селівёрстаў у інтэрв’ю праграме “Галоўны эфір” на тэлеканале “Беларусь 1” заявіў, што зарплата ўрача складае 150% сярэдняй па краіне, зарплата настаўніка ў 2024 годзе дасягне 96%, у 2025-м — крыху больш за 100%.

Дзейны на тот момант міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч у снежні 2023 года заяўляў, што ведамства будзе адсочваць выпадкі, калі лекарам плацяць ніжэй сярэдняга для гэтых спецыялістаў — 2.300 рублёў.

З 2020 года ў беларускай сістэме аховы здароўя зафіксавана 300 выпадкаў затрымання, крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу, паведаміла раней “Позірку” каардынатар фонду медыцынскай салідарнасці лекар Лідзія Тарасенка.

“Маштаб рэпрэсій не змяншаецца, але людзі чакана баяцца пра гэта казаць”, — сказала суразмоўца. Тарасенка падкрэсліла, што рэпрэсіі — адна з прычын пагаршэння якасці меддапамогі, паколькі адмоўна ўплываюць на атмасферу, у якой працуюць медыкі, і ствараюць недахоп персаналу. Іх звальняюць, альбо яны сыходзяць самі, многія з’язджаюць з краіны.

У рэспубліканскім банку вакансій на 6 сакавіка на запыт “урач” прапануецца 6.555 вакансій.

Падзяліцца: