Мінск 03:59

Звольненая дырэктар “Белсату” Рамашэўска-Гузы

Фота: старонка Агнешкі Рамашэўскай-Гузы ў "Фэйсбуку"

12 сакавіка, Позірк. Дырэктар тэлеканала “Белсат” Агнешка Рамашэўска-Гузы звольненая са сваёй пасады. Пра гэта яна паведаміла на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”.

“Мяне звольнілі пасля 17 гадоў працы на “Белсаце” і пасля 32 гадоў на TVP”, — напісала медыяменеджар.

Паводле яе слоў, бюджэт “Белсата” будзе скарочаны на 47%, пры гэтым тэлеканал падзеляць “на дзве часткі”, а “рускамоўныя праграмы, верагодна, перавядуць” на іншую кнопку польскага тэлебачання.

На думку, Рамашэўскай-Гузы, гэта “вялікая памылка”.

“Белсат” пацвердзіў сыход дырэктара ў сваім тэлеграм-канале.

Хто стане новым дырэктарам тэлеканала, не паведамляецца.

Рамашэўска-Гузы стала дырэктарам “Белсата” ў снежні 2007 года, неўзабаве пасля заснавання канала ў структуры дзяржаўнага Польскага тэлебачання (TVP). З’яўляецца аўтарам канцэпцыі праекта.

У сакавіку 2009-га савет TVP звольніў яе, аднак неўзабаве яна была адноўленая на пасадзе.

Рамашэўская-Гузы нарадзілася 15 студзеня 1962 года ў Варшаве. У 1987 годзе скончыла Інстытут гісторыі Варшаўскага ўніверсітэта. Падчас вучобы ў аспірантуры ў ЗША стажыравалася ў The Washington Times, The Washington Post, The New Republic.

З 1992 года пачала супрацоўнічаць з TVP. Кіравала працай рэпарцёраў, займала пасаду намесніка кіраўніка галоўнай інфармацыйнай праграмы Wiadomości, была рэпарцёрам і выпускаючым рэдактарам праграмы, яе міжнародным карэспандэнтам і рэпарцёрам. Выконвала абавязкі дырэктара тэлеканала Polonia, які ўваходзіць у структуру TVP, і дырэктара рэдакцыі TVP у Беластоку.

26 студзеня 2024 года Рамашэўская-Гузы паведаміла на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” пра цяжкія ўмовы працы пасля змены ўлады ў Польшчы. Паводле яе слоў, фінансаванне падоўжанае толькі на месяц, пры гэтым 80% супрацоўнікаў, якія з’ехалі з Беларусі, не маюць запасу грашовых сродкаў, паколькі здымаюць кватэры і выхоўваюць дзяцей, а 17 чалавек, якія працавалі на канал, сядзяць у беларускіх турмах.

7 лютага афіцыйны прадстаўнік МЗС Польшчы Павел Вроньскі паведаміў, што ўрад плануе і далей фінансаваць “Белсат”.

На думку ведамства, “Белсат” “вельмі важны з пункту гледжання польскай замежнай палітыкі”, бо з’яўляецца “адным з сімвалаў польскай усходняй палітыкі, мэтай якой з’яўляецца дэмакратызацыя і падтрымка сіл незалежнасці ў былых рэспубліках Савецкага Саюза”.

8 сакавіка дырэктар паведаміла пра скарачэнне гадавога бюджэту тэлеканала “Белсат” на 46%.

Паводле яе слоў, у 2023 годзе бюджэт складаў 74 млн злотых (каля 18,5 млн долараў). 63 млн паступалі ад Міністэрства замежных спраў, 11 млн — ад дзяржаўнага Польскага тэлебачання (TVP), у структуру якога ўваходзіць “Белсат”.

У 2024 годзе, напісала медыяменеджар, “ад МЗС будзе 40 мільёнаў (каля 10 млн долараў. — “Позірк”.), а TVP нічога не дасць, бо іх няма”.

Рамашэўска-Гузы назвала памяншэнне фінансавання ў такім аб’ёме ліквідацыяй тэлеканала” не дэ-юрэ, але дэ-факта”, бо”ні адна арганізацыя <…> не перажыве скарачэння бюджэту амаль на 50%”.

Падзяліцца: