Мінск 04:13

Праваабаронцы: Затрыманні адвакатаў 28 лютага — працяг трэнду на пераслед па прафесійнай прыкмеце

Крыніца: "Права на абарону"

11 сакавіка, Позірк. Масавыя затрыманні адвакатаў 28 лютага 2024 года з’яўляюцца “працягам трэнду дзяржаўнай палітыкі па пераследзе” грамадзян “па прафесійнай прыкмеце”, гаворыцца ў апублікаванай 11 сакавіка заяве беларускіх праваабарончых арганізацый.

Праваабаронцы падкрэсліваюць, што “ціск на адвакацкую супольнасць шляхам масавых затрыманняў і рэйдаў прама супярэчыць гарантыям адвакацкай дзейнасці і з’яўляецца парушэннем права грамадзян на кваліфікаваную юрыдычную дапамогу”.

“Пераслед адвакатаў за іх прафесійную дзейнасць <…> стварае атмасферу запалохвання ў адвакацкай супольнасці і аказвае “астуджальны эфект” на тых спецыялістаў, хто яшчэ працуе ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі <…>. Пераслед адвакатаў, якія апроч іншага з’яўляюцца ўдзельнікамі адпраўлення правасуддзя, сур’ёзна падрывае рэалізацыю прынцыпу вяршэнства права і здольнасць прадстаўнікоў адвакацкай прафесіі абараняць сваіх кліентаў”, — гаворыцца ў заяве.

Адзначаецца, што затрыманні 28 лютага таксама “негатыўна ўплываюць на здольнасць грамадзян абараняць сябе і прадстаўляць свае інтарэсы з дапамогай кваліфікаванага незалежнага адваката па выбары, а таксама здольнасць кліентаў затрыманых адвакатаў аператыўна аспрэчваць рашэнні судоў і прысуды”.

На думку праваабаронцаў, затрыманні і ціск на “пэўных прадстаўнікоў юрыдычнай прафесіі супярэчаць праву адвакатаў свабодна займацца сваёй прафесійнай дзейнасцю і пазбаўляе кліентаў права на справядлівае судовае разбіральніцтва, гарантыя якога прадугледжаная міжнародна-прававымі актамі ў галіне правоў чалавека”. “Падобныя прэцэдэнты, — падкрэсліваецца ў звароце, — сведчаць не толькі аб сур’ёзных праблемах у сферы аказання юрыдычнай дапамогі, у праве на абарону і юрыдычную дапамогу, але і аб немагчымасці існавання ў такіх умовах незалежнага і справядлівага суда ў цэлым”.

Акрамя гэтага, сцвярджаецца ў заяве, пераслед адвакатаў “супярэчаць абавязацельствам Рэспублікі Беларусь па міжнародным праве, у тым ліку па Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах і асноўным прынцыпам ААН, што тычацца ролі юрыстаў”.

“У дзяржавы ёсць вельмі важны абавязак забяспечваць, каб юрысты маглі выконваць свае законныя прафесійныя функцыі ў атмасферы, свабоднай ад запалохвання, перашкод, пераследаў або неправамернага ўмяшання”, — звяртаюць увагу праваабаронцы.

“Тым часам, — дадаюць яны, — Беларуская рэспубліканская калегія адвакатаў, а таксама тэрытарыяльныя калегіі ніякім чынам не асвятлілі масавыя затрыманні і не асудзілі сістэмную практыку ціску дзяржорганаў на юрыдычную прафесію. Важна адзначыць, што часткай функцый органаў самакіравання адвакатуры з’яўляецца абарона адвакацкай прафесіі і сваіх членаў, стварэнне належных умоў для дзейнасці адвакатаў, прынцыповае рэагаванне на ўсе выпадкі ўмяшання дзяржаўных органаў у дзейнасць адвакатаў”.

Праваабаронцы заклікалі ўлады “неадкладна спыніць абуральныя парушэнні гарантый, якія прадстаўляюцца адвакатам у адпаведнасці з міжнародным стандартам, шляхам адвольных затрыманняў за ажыццяўленне прафесійнай дзейнасці”, “выконваць узятыя на сябе міжнародныя абавязацельствы ў сферы правоў чалавека”, “спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да адвакатаў”.

“Беларусь таксама павінна паважаць і забяспечваць права кожнага быць прадстаўленым кампетэнтным і незалежным адвакатам. Рэалізацыя гэтага права немагчымая без незалежнай адвакатуры, свабоднай ад ціску органаў дзяржаўнай улады на прадстаўнікоў адвакацкай супольнасці”, — перакананыя аўтары заявы.

Яны заклікалі міжнародныя адвакацкія арганізацыі, а таксама “іншыя няўрадавыя арганізацыі розных краін свету” і “міжнародныя інстытуцыі” працягваць “праяўляць салідарнасць з беларускімі адвакатамі, якія падвяргаюцца пераследу за добрасумленнае выкананне сваіх прафесійных абавязкаў, рэагаваць на сітуацыю з бесперапыннымі парушэннямі правоў чалавека ў краіне”.

Заяву падпісалі ініцыятыва “Права на абарону”, Беларускі Хельсінскі камітэт, Human Constanta, праваабарончы цэнтр “Вясна”, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Офіс па правах людзей з інваліднасцю, Беларуская асацыяцыя адвакатаў правоў чалавека.

У Мінску 28 лютага супрацоўнікі Камітэта дзяржбяспекі “зладзілі рэйд на адвакатаў”. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, было затрымана прынамсі 12 адвакатаў. Большая частка з іх выйшлі на волю, але два чалавекі “застаюцца ў няволі”.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі пачаўся сістэматычны ціск на адвакатуру.

Паводле даных ініцыятывы “Права на абарону”, з пачатку 2020 года ў Беларусі колькасць адвакатаў скарацілася з 2.200 да 1.650. Інстытут заканадаўча фактычна пазбавіўся не залежнага ад дзяржавы статусу: з 2021 года адвакаты могуць працаваць толькі пры юрыдычных кансультацыях, загадчыкі якіх прызначаюцца па ўзгадненні з Мінюстам. У 2022 годзе паўнамоцтвы загадчыкаў пашырылі.

Супраць шэрагу адвакатаў былі заведзеныя крымінальныя справы па палітычных матывах. На сёння ў месцах зняволення знаходзіцца шэсць палітвязняў-адвакатаў. Пад пагрозай пераследу некаторыя былі вымушаныя пакінуць Беларусь.

Раней Аляксандр Лукашэнка заявіў, што адвакатура павінна знаходзіцца пад кантролем” і “дзейнічаць паводле закона, а не нейкіх прыдуманых нормаў — свабоды слова і іншых свабодаў”.

Падзяліцца: