Мінск 14:53

Круты паведаміў аб зніжэнні ў СД тарыфаў на роўмінг — адмяніць яго Масква і Мінск вырашылі яшчэ ў 2017-м

Крыніца: unsplash.com

12 сакавіка, Позірк. Самым важным дасягненнем інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы (СД) з’яўляюцца роўныя правы грамадзян, заявіў 12 сакавіка беларускі амбасадар у РФ Дзмітрый Круты, выступаючы ў Мінску на пасяджэнні групы высокага ўзроўню саюзнага Саўміна.

“Узмоцненая адрасная сацыяльная дапамога, палепшаныя ўмовы працы для асобных катэгорый работнікаў, скасаваны дазвольны парадак найму”, — прыводзіць словы Крутога сайт дыппрадстаўніцтва Беларусі ў РФ.

Да пераваг інтэграцыі ён прылічыў таксама “зніжэнне тарыфаў на роўмінг”.

“Але мы на гэтым не спыняемся. Па даручэнні кіраўнікоў дзяржаў вядзецца работа па пошуку ўзаемапрымальных рашэнняў па зніжэнні тарыфаў у роўмінгу на інтэрнэт-трафік”, — сказаў амбасадар.

Рэзалюцыя Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы аб адмене роўмінгу была прынятая 30 чэрвеня 2017 года. Пытанне ўзаемнай адмены роўмінгу абмяркоўвалася больш за восем гадоў.

Лутась расійскі бок паведамляў пра намер краін адмяніць роўмінг з 1 красавіка, але ў той дзень была адменена толькі аплата ўваходных званкоў.

9 лістапада 2023 года на той момант дэпутат Палаты прадстаўнікоў Генадзь Давыдзька назваў “нікчэмным насамрэч пытаннем” адмену роўмінга ў Саюзнай дзяржаве.

“Інтэграцыя ў нас ідзе імкліва, вельмі магутна, [роўмінг] адменіцца з часам, — сказаў Давыдзька. — Але пакуль неабходна гэтыя вось капеечкі неяк плаціць. Гэта неістотна і па вялікім рахунку не ўплывае ні на якія бюджэты вяшчаючых кампаній, ні на бюджэты асобнага чалавека”.

Паводле слоў Давыдзькі, пытанне адмены роўмінгу на той час было вырашана “палавінчата”, тым не менш “ёсць патанненне”, “усё стала нашмат танней”.

Падзяліцца: