Мінск 14:56

Алейнік абмеркаваў у Індыі спрашчэнне візавага рэжыму

Субраманіям Джайшанкар і Сяргей Алейнік
Фота: МЗС Беларусі

13 сакавіка, Позірк. Міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік, які знаходзіцца з афіцыйным візітам у Нью-Дэлі, перадаў свайму індыйскаму калегу Субраманіяму Джайшанкару пасланне Лукашэнкі ў адрас прэм’ер-міністра Індыі Нарэндры Модзі аб “беларуска-індыйскіх адносінах і шляхах іх развіцця”, паведаміла прэс-служба.

Паведамляецца, што галоўнымі тэмамі перамоваў міністраў сталі “эканамічнае супрацоўніцтва і канкрэтныя кааперацыйныя праекты”. Таксама “нададзена ўвага міжрэгіянальным і парламенцкім сувязям, інвентарызацыі дагаворна-прававой базы, гуманітарнаму супрацоўніцтву, у тым ліку навучанню індыйскіх студэнтаў у Беларусі”.

Паводле інфармацыі МЗС, дасягнута дамоўленасць аб “пачатку дыялогу па далейшым спрашчэнні візавага рэжыму ў мэтах павелічэння ўзаемных турыстычных патокаў”.

Алейнік “выказаў удзячнасць свайму калегу за паслядоўную падтрымку працэсу ўступлення Беларусі ў ШАС, а таксама за прынцыповую пазітыўную пазіцыю па далучэнні нашай краіны да БРІКС”.

Акрамя таго, міністры “пацвердзілі супадаючыя пазіцыі па фундаментальных аспектах сусветнай палітыкі, у тым ліку ў неабходнасці пабудовы больш справядлівага і ўстойлівага светапарадку на аснове шматпалярнасці і суверэннай роўнасці дзяржаў, балансу інтарэсаў і захавання міжнароднага права”.

Паводле інфармацыі МЗС, 12 сакавіка прайшлі таксама перамовы беларускай дэлегацыі з міністрам хімічнай прамысловасці і мінеральных угнаенняў, аховы здароўя і дабрабыту сям’і Індыі Мансухам Мандавія, а 13 сакавіка — з міністрам гандлю і прамысловасці Піюшам Гаялам.

Алейнік і Джайшанкар сустракаліся 18 студзеня на палях саміту Руху недалучэння ў Кампале (Уганда).

Аляксандр Лукашэнка, прызначаючы 4 студзеня былога старшыню канцэрна “Беллеспаперапрам” Міхаіла Касько паслом у Індыі, заявіў, што адносіны паміж краінамі “дэградавалі”. “Індыя – вялізная краіна. Я не магу быць задаволены тым станам спраў, якія ў нас складаюцца ў беларуска-індыйскіх адносінах”, — сказаў ён.

Паводле звестак пасольства Беларусі ў Індыі, узаемны тавараабарот у 2021 годзе склаў 566,6 млн долараў. На беларускі экспарт прыпала 375,8 млн долараў, на індыйскія пастаўкі — 190,8 млн. Даныя аб гандлі за 2022 і 2023 гады не прыводзяцца.

Беларусь адпраўляла ў Індыю калійныя ўгнаенні, трактары, цягачы, грузавікі і розныя кампаненты для аўтамабільнай прамысловасці, цэлюлозу, шкловалакно, лён, сінтэтыку, інтэгральныя схемы, абсталяванне і прыборы і інш. У зваротным напрамку пастаўляліся лекі, фарбавальнікі, прадукты харчавання і іншыя тавары.

Падзяліцца: