Намеснік кіраўніка МЗС Амбразевіч назваў Заходнюю Еўропу “крыніцай падвышанай небяспекі для чалавецтва”

13 сакавіка, Позірк. Заходняя Еўропа “па-ранейшаму застаецца арэнай глабальнага сілавога супрацьстаяння, крыніцай падвышанай небяспекі для чалавецтва”, заявіў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Юрый Амбразевіч 13 сакавіка на рэгіянальным форуме Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН у Жэневе (Швейцарыя).
Паводле слоў дыпламата, якія прыводзіць прэс-служба МЗС, Заходняя Еўропа стала “галоўным фактарам глабальнага харчовага крызісу” — справакавала “сваімі аднаасобнымі дзеяннямі рост цэн на збожжа, пазбавіўшы, у прыватнасці, афрыканскія краіны доступу да беларускіх калійных угнаенняў”.
“Абмежаванні на транспартныя перавозкі, закрыццё памежных пунктаў пропуску, забароны на гандаль, праблемы з банкаўскімі трансакцыямі, забарона на выдачу віз, на культурнае супрацоўніцтва выразна малююць карціну новай жалезнай заслоны”, — заявіў Амбразевіч.
Чыноўнік сказаў, што на фоне санкцый афіцыйны Мінск “цвяроза ацэньвае становішча і выбудоўвае сваё развіццё з апірышчам на свае сілы, на партнёраў-аднадумцаў”.
Сістэма кіравання Беларусі, сцвярджае ён, “дазваляе не проста выстаяць супраць”, але і “захаваць мір у краіне і ўстойліва развівацца”.
“Вынікі 2023 года ўсяляюць у нас упэўненасць у правільнасці нашых дзеянняў, — заявіў намеснік міністра. — У 2023 годзе беларускі ВУП вырас на 3,9%, што ў разы вышэй, чым у сярэднім у Еўрасаюзе. Як вынік, узровень выканання Беларуссю нацыянальных паказчыкаў дасягнення Мэт устойлівага развіцця складае каля 80%. Мы гатовыя дзяліцца нацыянальным досведам”.
Заходнія санкцыі ў дачыненні да Беларусі ўведзеныя праз фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года і ўзмоцненыя пасля інцыдэнту 23 траўня 2021 года, калі ўлады прымусілі прызямліцца ў Мінску самалёт авіякампаніі Ryanair, што ляцеў з Афін у Вільнюс з беларускімі апазіцыянерамі на борце. Пазней санкцыі былі пашыраныя з-за саўдзелу ў вайне Расіі супраць Украіны.
МЗС Беларусі неаднаразова ўздымала тэму харчовай бяспекі ў кантэксце “аднабаковых абмежавальных мер”, уведзеных супраць беларускага калію, падчас выступаў на мерапрыемствах ААН. На форуме высокага ўзроўню па ўстойлівым развіцці Эканамічнага і сацыяльнага савета арганізацыі 17 ліпеня 2023 года ў Нью-Йорку Амбразевіч заклікаў “мэтанакіравана асудзіць” забарону ЗША, а таксама Літвы ў прыватнасці і Еўрасаюза ў цэлым на транзіт беларускіх калійных угнаенняў у краіны Афрыкі, Лацінскай Амерыкі ды Азіі.
Беларускія дэмакратычныя сілы выступаюць супраць змякчэння санкцыйнай палітыкі Захаду і заяўляюць, што санкцыі на ўгнаенні ніяк не ўплываюць на сусветную харчовую бяспеку.
- Эканоміка
- ЭканомікаПратэрмінаваная запазычанасць прыватнага сектара па крэдытах вырасла за год у 5,5 раза (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- ПалітыкаУ Гомелі і вобласці КДБ працягвае праверку адвакатаў — крыніца (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, ЭканомікаНа чварціну вырасла за год пратэрмінаваная запазычанасць фізічных асоб па крэдытах (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Эканоміка
- ЭканомікаПратэрмінаваная запазычанасць юрыдычных асоб па крэдытах за год вырасла амаль у 6 разоў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- ЭканомікаБанкі за месяц павялічылі прыбытак амаль на траціну — даныя рэгулятара (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка