Мінск 15:12

Лёгкаатлетка Мазуронак, якая эмігравала ў ЗША, стала другой на марафоне ў Лос-Анджэлесе

Архіўнае фота: sb.by

17 сакавіка, Позірк. Беларуская лёгкаатлетка Вольга Мазуронак фінішавала другой на прэстыжным марафоне ў Лос-Анджэлесе, паведамляе партал watchathletics.com.

Ад першага месца беларуску аддзялілі 20 секунд.

34-гадовая Мазуронак — лепшая бягуха Беларусі на доўгія дыстанцыі. Удзельніца многіх марафонскіх забегаў (42 км 195 м). Чэмпіёнка Еўропы, заслужаны майстар спорту.

У 2021 годзе на Алімпіядзе ў Токіа заняла пятае месца.

У жніўні 2020 года падпісала адкрыты ліст прадстаўнікоў спорту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту ў дачыненні да пратэстоўцаў.

29 лютага 2024 года стала вядома пра эміграцыю Мазуронак у ЗША.

“Я эмігравала ў Лос-Анджэлес у верасні. Вельмі рада жыць тут. Буду вельмі радая прабегчы Лос-Анджэлескі марафон. Хацелася б абыйсці ўсіх супернікаў, хачу добра прабегчыся. Марафон вельмі складаны, таму немагчыма прадказаць вынік. Чакаю не дачакаюся, калі дабяруся да стартавай лініі”, — цытавала беларускую спартсменку старонка марафону ў “Інстаграме”.

Лос-Анджэлескі марафон праводзіцца штогод з 1986 года, удзельнічаюць дзясяткі тысяч бегуноў. Разам з аматарамі спаборнічаюць прафесіяналы.

Падзяліцца: