Мінск 16:24

Літва праводзіць вучэнні па дзеяннях у выпадку ядзернай аварыі на БелАЭС

Фота: сацсеткі БелАЭС

18 сакавіка, Позірк. У Літве 18 сакавіка праходзяць вучэнні дзяржаўнага ўзроўню па гарантаванні грамадзянскай бяспекі ў выпадку ядзернай аварыі Беларускай АЭС, паведамляе МУС гэтай балтыйскай дзяржавы.

Вучэнні закліканыя праверыць “гатоўнасць дзяржаўных, муніцыпальных і іншых органаў улады да рэагавання на магчымую ядзерную аварыю і магчымыя напады на розныя аб’екты інфраструктуры і дзяржаўныя ўстановы, у тым ліку да эвакуацыі насельніцтва з зон надзвычайнай сітуацыі”.

У мерапрыемствах удзельнічаюць Камісія па нацыянальнай бяспецы, Нацыянальны цэнтр крызіснага кіравання, шэсць міністэрстваў, пяць дзяржустаноў і арганізацый, усе муніцыпалітэты краіны і сем няўрадавых арганізацый.

У 10:00 была праверана сістэма апавяшчэння і інфармавання — па ўсёй краіне гучалі сірэны, на тэлефоны жыхароў былі адпраўленыя папераджальныя паведамленні.

Збудаванне Беларускай АЭС паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць), у непасрэднай блізкасці ад мяжы з Літвой, завяршылася ўвосень 2023 года. Станцыя пабудавана на падставе расійскага праекта, генеральным падрадчыкам выступіла дзяржаўная карпарацыя “Расатам”.

Першы энергаблок АЭС сілкуе энергасістэму Беларусі з 3 лістапада 2020 года, другі — з 13 траўня 2023-га. У прамысловую эксплуатацыю яны ўведзены ў чэрвені 2021-га і лістападзе 2023-га адпаведна.

Літва неаднаразова выказвала трывогу наконт бяспекі атамнай станцыі.

Падзяліцца: