Мінск 17:40

Дзяржпагранкамітэт: За тыдзень Беларусь наведала без віз 4.386 жыхароў суседніх краін ЕС

Фота: "Калінкавіцкія навіны"

18 сакавіка, Позірк. З 12 па 18 сакавіка Беларусь без віз наведала 4.386 жыхароў суседніх краін Еўрасаюза (на мінулым тыдні — 4.015), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз інфармацыі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

За гэты перыяд у краіну прыбыла 1.526 грамадзян Літвы (1.562), 1.497 грамадзян і 384 неграмадзяніны Латвіі (1.231 і 293 адпаведна), 979 грамадзян Польшчы (929).

З пачатку года бязвізам скарысталася 52.136 замежнікаў з суседніх дзяржаў Еўрасаюза: 28.160 грамадзян Літвы, 11.350 грамадзян і 2.768 неграмадзян Латвіі, а таксама 9.858 грамадзян Польшчы.

З пачатку дзеяння бязвізавага рэжыму ў Беларусь накіравалася 852.742 замежнікі: 523.371 грамадзянін Літвы, 196.151 грамадзянін і 58.883 неграмадзяніны Латвіі, а таксама 74.337 грамадзян Польшчы.

Бязвіз дзейнічае з 15 красавіка 2022 года для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж года — для жыхароў Польшчы. Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў падаўжаў яго тэрмін, апошні раз — да канца 2024 года.

Улады названых суседніх краін неаднаразова заклікалі суайчыннікаў не наведваць Беларусь з меркаванняў бяспекі.

18 жніўня 2023 года Літва закрыла пункты пропуску Шумскас (з беларускага боку — Лоша) і Цвярачус (Відзы), 1 сакавіка 2024-га Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка). На мяжы з Беларуссю працягваюць працаваць два памежныя пераходы — Мядзінінкай (Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі).

Пасля вынясення палітычна матываванага выраку журналісту, актывісту неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (з беларускага боку Бераставіца).

19 верасня 2023 года праз узрослую плынь нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і забарыкадавала пункт пропуску Сілене (Урбаны).

Падзяліцца: