Мінск 04:32

ДМК абвінаваціў літоўскія і латвійскія службы ў неэфектыўнай працы

Фота: тэлеграм-канал "Таможенные органы Беларуси"

18 сакавіка, Позірк. Літоўскія службы ў пункце пропуску Мядзінінкай на мінулых выходных прымалі па два-тры грузавікі за гадзіну, нягледзячы на тое, што “магчымасці дазваляюць працаваць у дзесяць разоў больш эфектыўна”, заявіў Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі 18 сакавіка.

У другім адкрытым для руху літоўскім пункце пропуску (Шальчынінкай) “афармленне ідзе не хутчэй”, сцвярджаецца ў рэлізе.

“Крытычныя лічбы па чэргах растуць ужо цягам тыдня. Цяпер выезду ў Літву чакае больш за 2,3 тыс. грузавікоў. Перавозчыкам даводзіцца адшукваць іншыя маршруты накіравання, што негатыўна адбіваецца як на часовых, так і фінансавых выдатках”, — заявіў ДМК.

Паводле інфармацыі ведамства, “на выходных назіралася, што шмат хто перабудаваў свой рух праз беларуска-латвійскі пункт пропуску “Грыгараўшчына”. “Латвійскія службы таксама не збіраюцца працаваць на поўную меру, адпаведна, чэргі растуць і тут. Калі ў сярэднім у “Грыгараўшчыне” чакалі выезду да 300 аўто, то сёння іх больш за 720”, — паведамілі там.

“Беларуская мытня папярэджвае аб умовах перасячэння мяжы, прымае меры па стварэнню камфортных умоў знаходжання ў чэргах. Станоўча вырашыць сітуацыю ў аднабаковым парадку немагчыма”, — адзначылі ў ДМК.

21 лютага ўрад Літвы прыняў рашэнне аб закрыцці з 1 сакавіка пагранічных пераходаў Лаварышкес (з беларускага боку Катлоўка) і Райгардас (Прывалка).

Такім чынам, на мяжы з Беларуссю працягваюць працаваць два пункты пропуску з шасці — Мядзінінкай (Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі). КПП Шумскас (Лоша) і Твярячус (Відзы) былі зачыненыя 18 жніўня 2023 года.

Прапускная здольнасць пункта Лаварышкес складала 320 легкавых і 250 грузавых аўтамабіляў за суткі ў адным напрамку, Райгардас — 250 і 230 адпаведна.

Літоўскія ўлады заяўляюць, што прынятыя меры накіраваны на вырашэнне праблем нацыянальнай бяспекі, кантрабанды і парушэнні міжнародных санкцый.

У астатніх пунктах Літва забараніла рух пешаходаў і веласіпедыстаў, а колькасць дазволаў на пасажырскія перавозкі скараціла на 50%.

7 сакавіка ДМК заявіў, што пасля закрыцця Літвой з 1 сакавіка ў аднабаковым парадку двух пунктаў пропуску на беларуска-літоўскай мяжы “кантралюючыя службы Літвы не спяшаюцца працаваць не тое, што ва ўзмоцненым рэжыме, а нават з улікам магчымасцей, якія існуюць”.

Падзяліцца: