Мінск 21:05

Аб’ём грузаперавозак за два месяцы ў гадавым выражэнні вырас на 1,6%

Архіўнае фота: Дзяржпагранкамітэт

18 сакавіка, Позірк. У Беларусі аб’ём грузаперавозак у студзені — лютым вырас да аналагічнага перыяду 2023 года на 1,6%, сведчаць даныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Пасажыраабарот транспарту (вылічаецца шляхам множання колькасці пасажыраў на адлегласць перавозак) вырас на 8,3%, перавезена на 6,4% чалавек больш.

У студзені 2023-га зніжэнне (у гадавым выражэнні) грузаперавозак склала 33%, у студзені — лютым — 33,6%, студзені — сакавіку — 32%, студзені — красавіку — 30,3%, студзені — траўні — 27,2%, студзені — чэрвені — 24,2%, студзені — ліпені — 22,4%, студзені — жніўні — 20,7%, студзені — верасні — 20%, студзені — кастрычніку — 19%, студзені — лістападзе — 18,3%, студзені — снежні — 17,7%.

Апошнія чатыры гады ў Беларусі грузаабарот транспарту нязменна памяншаўся: у 2019 годзе — на 5,8%, 2020-м — на 5,9%, 2021-м — на 3,6%, 2022-м — на 25,4% (агулам — на 36,2%).

Раней аналітыкі Еўразійскага банка развіцця патлумачылі значнае скарачэнне грузаабароту ў Беларусі “парушэннем транспартна-лагістычных ланцужкоў, закрыццём паўднёвай часткі паветранай прасторы Расіі, спыненнем перавозак у зносінах з Украінай”.

Летась 27 траўня Аляксандр Чарвякоў (на той момант міністр эканомікі, цяпер амбасадар у Кітаі) заявіў, што транспартная галіна Беларусі аднаўляецца: “Праз санкцыі давялося вельмі хутка і аператыўна перанакіроўваць патокі з заходняга вектара на ўсходні і паўднёва-ўсходні”. Паводле слоў міністра, грузаперавозкі “штомесяц дадаюць” каля 5%.

Па чыгуначных і аўтамабільных грузапатоках “мы вельмі блізка наблізімся да 100%”, дадаў Чарвякоў.

Каментуючы “Позірку” эканамічныя вынікі 2023 года, акадэмічны дырэктар даследчага цэнтра BEROC, доктар эканамічных навук Леў Львоўскі адзначыў, што адна з галоўных страт Беларусі праз санкцыі — гэта “экспартныя артыкулы ў паслугах”.

“Дзве галоўныя паслугі, якія мы ўвесь час экспартавалі, — гэта транспарт і IT. Так, Кітай, у прыватнасці, сваю праграму “Адзін пояс — адзін шлях”, а гэта інфраструктурныя інвестыцыі, плануе весці паўднёвей Беларусі. Кітай не хвалюе сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі, яму галоўнае, каб быў транспартны калідор, а яго зараз няма. Гэта доўгачасовая страта. І нават калі ў нас адновяцца стасункі з Захадам, кітайскія інвестыцыі будуць укладзеныя ў іншым месцы. Хоць у дачыненні да беларускага ІТ не было санкцый, існуе агульная таксічнасць Беларусі праз саўдзел у ваеннай агрэсіі супраць Украіны”, — заявіў эканаміст.

Падзяліцца: