Мінск 08:58

Памёр бацька палітвязня Мікалая Статкевіча

Крыніца: старонка Марыны Адамовіч у "Фэйсбуку"

20 сакавіка, Позірк. 19 сакавіка памёр Віктар Статкевіч — бацька Мікалая Статкевіча, паведаміла на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” жонка палітвязня Марына Адамовіча.

19 студзеня Статкевічу-старэйшаму споўнілася 97 гадоў. Ён пражываў у Баранавічах (Брэсцкая вобласць).

Пра Мікалая Статкевіча родныя не маюць ніякай інфармацыі 404 дні.

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” (не зарэгістраваная) Статкевіч быў затрыманы 31 траўня 2020 года ў Мінску. 14 снежня 2021-га суд прыгаварыў яго да 14 гадоў пазбаўлення волі паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя масавых беспарадкаў).

31 мая 2022 года Вярхоўны суд пакінуў прысуд без зменаў. 20 чэрвеня таго ж года Статкевіч быў пераведзены з гомельскага следчага ізалятара № 3 у папраўчую калонію № 13, адміністрацыя якой паставіла яго на ўлік як “схільнага да экстрэмізму”, у жніўні змясціла на паўгода ў адзіночную камеру, у верасні — у штрафны ізалятар.

Унесены ў “пералік асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”.

28 ліпеня 2023 года крыніца, блізкая да сям’і Статкевіча, паведаміла “Позірку“, што стан яго здароўя ў калоніі пагоршыўся.

9 студзеня гэтага года ByPol са спасылкай на свае крыніцы паведаміў, што ўлады маюць намер судзіць палітвязня паводле арт. 411 КК Беларусі (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, які выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі).

Падзяліцца: