Мінск 00:41

Латушка: Дэмсілы Беларусі гатовыя заняць месца ва Усходнім партнёрстве

Фота: фэйсбук-старонка Паўла Латушкі

21 сакавіка, Позірк. Усходняе партнёрства — ініцыятыва, якая стымулюе еўрапейскі выбар беларусаў. Такое меркаванне выказаў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка пасля сустрэчы ў Варшаве 20 сакавіка са спецпасланнікамі краін — членаў ЕС па Усходнім партнёрстве, паведаміла прэс-служба АПК.

У сустрэчы бралі ўдзел дырэктары і намеснікі дырэктараў палітычных дэпартаментаў міністэрстваў замежных спраў Аўстрыі, Бельгіі, Чэхіі, Германіі, Іспаніі, Фінляндыі, Францыі, Італіі, Нідэрландаў і інш., а таксама спецпасланнік Еўрапейскай службы знешніх сувязей па Усходнім партнёрстве, былы кіраўнік Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Дзірк Шубель. 

Латушка звярнуў увагу прысутных на сітуацыю з палітзняволенымі ў Беларусі, злачынствы рэжыму супраць чалавечнасці, ахвярамі якіх сталі не менш за 136 тыс. чалавек; ліквідацыю незалежных СМІ, недзяржаўных арганізацый, палітычных партый; санкцыйныя шчыліны, якімі карыстаецца рэжым; імітацыю народнага волевыяўлення праз штучна створаныя псеўдапрадстаўнічыя структуры, падпарадкаваныя рэжыму.

Палітык абазначыў ключавую стратэгію і канкрэтныя крокі па падтрымцы беларускага грамадства праз прадастаўленне большых магчымасцей грамадзянам Беларусі для наведвання ЕС, атрымання віз, вызначэнне краін-партнёраў, гатовых ажыццявіць сумесныя прававыя дзеянні па перадачы матэрыялаў аб злачынствах супраць чалавечнасці ў Міжнародны крымінальны суд у кантэксце фактычнай дэпартацыі не менш як 100 тыс. беларусаў на тэрыторыю еўрапейскіх дзяржаў.

Кіраўнік НАУ звярнуў увагу на важнасць падтрымкі нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў, беларускай культуры ў эміграцыі, стварэння цэнтраў беларускай культуры і адукацыі , праграмы падтрымкі незалежных сродкаў масавай інфармацыі, якія ў апошні час сутыкаюцца са скарачэннем фінансавання. Ключавы кірунак стратэгіі, паводле Латушкі, — недапушчэнне інфармацыйнага і ідэалагічнага ўплыву Расіі на беларускае грамадства.

Латушка нагадаў пра адказнасць Лукашэнкі за незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей: паводле даных НАУ, на тэрыторыю Беларусі было вывезена не менш як 3 тыс. дзяцей з 20 акупаваных населеных пунктаў з верасня 2022-га па травень 2023 года.

Палітык падкрэсліў, што найбольш важным прыярытэтам з’яўляецца беларускі народ, які выступае супраць палітыкі рэжыму Лукашэнкі і асуджае расійскую агрэсію ва Украіне. Без грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сіл, паводле яго, сёння не вырашаюцца пытанні будучыні Беларусі.

Латушка падкрэсліў, што, каб наблізіць еўрапейскі выбар, “вельмі важна матываваць беларусаў”. 

“Дзеянні, аб якіх я казаў вышэй, з’яўляюцца толькі часткай магчымай стратэгіі. Для нас, вядома ж, было б вельмі сур’ёзным крокам прадастаўленне месца дэмакратычным сілам Беларусі ва Усходнім партнёрстве. Гэта складанае, але вельмі важнае палітычнае рашэнне. Дэмсілы гатовы заняць гэтае месца”, — заявіў выступоўца.

20 сакавіка ў Бруселі на адкрыцці 11-й сесіі Парламенцкай асамблеі “Еўранэст” беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская заявіла аб неабходнасці пераасэнсаваць праграму ЕС “Усходняе партнёрства”.

Паводле слоў Ціханоўскай, для беларусаў праграма — ключавы інструмент супрацоўніцтва з ЕС, аднак “з фармальных прычын” дэмсілы не могуць працаваць ва ўсіх яе фарматах. У сувязі з гэтым палітык прапанавала “змяніць падыход да Беларусі і фармалізаваць прысутнасць беларускіх дэмакратычных сіл у праграме”.

Беларускія ўлады прыпынілі ўдзел ва Усходнім партнёрстве ў чэрвені 2021 года ў адказ на новыя заходнія санкцыі, уведзеныя пасля вымушанай пасадкі ў Мінску самалёта ірландскай авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільнюс, і арышту на тот момант апазіцыйнага блогера Рамана Пратасевіча і яго сяброўкі, грамадзянкі Расіі Сафіі Сапегі.

Падзяліцца: