Мінск 01:05

Віцэ-спікер Сейма Польшчы: Беларускі народ змагаецца за незалежнасць

Фота: "Позірк"

22 сакавіка, Позірк. “Сёння беларускі народ змагаецца за незалежнасць, за сваё месца ў еўрапейскай сям’і народаў”, — гаворыцца ў віншаванні віцэ-спікера Сейма Польшчы Пятра Згажэльскага са 106-й гадавінай абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Яно было зачытана на мерапрыемстве да Дня Волі ў Варшаве 21 сакавіка.

Палітык заявіў аб падтрымцы беларусаў і выказаў жаданне, каб ў Польшчы яны “пачуваліся як у сябе дома”.

Гістарычным абавязкам сваёй краіны ён назваў падрымку “стварэння вольнай і дэмакратычнай Беларусі”.

Абвяшчэнне БНР, на думку Згажэльскага, з’явілася канстатацыяй факту, што на тэрыторыях, якія раней уваходзілі ў склад Вялікага княства Літоўскага, жыве беларускі народ, які “ўсведамляе сваё культурнае і палітычнае адасабленне”.

Гэтага б не здарылася, лічыць палітык, калі б не праца папярэднікаў беларускага нацыянальнага руху, значная частка з якіх — супольныя героі абодвух народаў. 

“У першай фазе беларускага абуджэння вялікую ролю адыгралі дзеячы і аўтары польскага паходжання — Ян Баршчэўскі ці Францішак Багушэвіч”, — адзначыў віцэ-спікер.

Ён таксама назваў кампазітараў Станіслава Манюшку і Міхала Клеафаса Агінскага, паэта Адама Міцкевіча, палітычных дзеячаў Тадэуша Касцюшку і Кастуся Каліноўскага.

“Не толькі даўнія героі спалучаюць сёння нашы народы. Польскі журналіст Анджэй Пачобут адбывае ў турме лукашэнкаўскага рэжыму шматгадовы вырак. Мог уцячы ў Польшчу, <…> зрабіў, аднак, свядомы выбар, які каштаваў яму волі. Як і тысячы іншых беларускіх герояў”, — падкрэсліў Згажэльскі.

Віцэ-міністр юстыцыі Польшчы Кшыштаф Смішак на мерапрыемстве заклікаў не забываць, што ў Беларусі жывуць мільёны людзей, “штодзённа сем’і, жанчыны, мужчыны, дзеці, вучні, студэнты, рабочыя не могуць жыць так, як хацелі б — у вольным краі”.

“Сімвалам нязломнай волі і імкнення беларусаў да свабоды і незалежнасці” назвала Дзень Волі ў звароце да ўдзельнікаў дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская. 

“Мы былі, ёсць і заўсёды будзем незалежным народам, які верыць прынцыпам дэмакратыі і свабоды”, — дадала яна.

25 сакавіка з’яўляецца “пакуль не юрыдычна, але фактычна дзяржаўным святам”, заявіў намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

“106 гадоў таму была абвешчана наша дзяржаўнасць, якая праз лёс выпрабаванняў аднавілася ў 1991 годзе стварэннем Рэспублікі Беларусь. Але прыход да ўлады Лукашэнкі паставіў нашу краіну і дзяржаўнасць пад пагрозу. Менавіта Лукашэнка расчыніў дзверы “рускаму свету” ў Беларусь”, — сказаў палітык.

У 2020 годзе беларусы “зрабілі крок, каб скінуць ярмо дыктатуры, але дыктатура зноў кінула наш край у атмасферу гвалту”, дадаў ён.

“Рэжым Лукашэнкі — гэта тое, што Расія ў сваіх неаімперскіх інтарэсах выкарыстоўвае ў Беларусі замест танкаў і ракет, але з тымі ж мэтамі, што і ва Ўкраіне. Іх мэта — знішчыць беларускую дзяржаўнасць і беларускі народ. Але большасць беларусаў прагне свабоды, дэмакратыі, жадае незалежнасці і працягвае змагацца за яе”, — падкрэсліў Латушка.

Ён у чарговы раз заклікаў “еўрапейскіх партнераў” распачаць крымінальную справу за злачынствы супраць чалавечнасці ў Беларусі.

25 сакавіка прыхільнікі дэмакратычнай Беларусі адзначаюць Дзень Волі — гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. У Беларусі афіцыйна гэтага сьвята няма.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года любыя спробы публічна адзначыць Дзень Волі ўнутры краіны прыводзяць да затрыманняў і судоў, як мінімум паводле адміністрацыйных абвінавачанняў. Гістарычныя падзеі, звязаныя з БНР, дэманізуюцца дзяржпрапагандай. Нацыянальныя сімвалы названыя “калабарацыянісцкімі” і фактычна абвешчаныя па-за законам. Значэнне БНР для беларускай дзяржаўнасці лічыцца перабольшаным, а сама рэспубліка пазіцыянуецца як “марыянеткавае” ўтварэнне, створанае пад германскім пратэктаратам у завяршальнай фазе Першай сусветнай вайны.

Найбольш маштабна ў Беларусі Дзень Волі адзначаўся ў юбілейным 2018 годзе — на 100-годдзе абвяшчэння незалежнасці БНР. Свята зноў было дазволена і прайшло ў розных гарадах краіны.

Падзяліцца: