Мінск 19:34

Пасля тэракта ў РФ адзін грамадзянін Беларусі знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане — амбасадар Круты

Пажар пасля тэракта ў "Крокус Сіці Холе"
Архіўнае фота: Sputnik

23 сакавіка, Позірк. Пасля тэракта ў Падмаскоўі, які адбыўся напярэдадні, адзін грамадзянін Беларусі знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане, за яго жыццё змагаюцца медыкі, паведамляе беларуская амбасада ў Расіі са спасылкай на свайго кіраўніка Дзмітрыя Крутога.

“Цяпер ідзе працэс высвятлення асобы ўсіх пацярпелых. <…> Чакаем публікацыі звестак па загінулых”, — сказаў ён.

Паводле слоў дыпламата, у сувязі з тым, што адбылося, амбасада Беларусі ў РФ працуе ў кругласутачным рэжыме. “Наша консульская служба, афіцыйныя прадстаўнікі праваахоўных органаў знаходзяцца на прамой сувязі са сваімі расійскімі калегамі”, — сказаў Круты.

Тэракт адбыўся ў канцэртнай зале “Крокус Сіці Хол” у падмаскоўным Краснагорску. У зале, якая змяшчае 7.300 гледачоў, сабраліся прыхільнікі гурта “Пікнік”, канцэрт не паспеў пачацца. У будынак увайшлі ўзброеныя людзі. У выніку страляніны і ахапіўшага будынак пажару загінула сама меней 60 чалавек, пацярпела — больш за 100, сведчаць актуальныя звесткі расійскіх службаў. Дакладная колькасць ахвяр пакуль невядомая.

Амбасада Беларусі ў РФ заклікала суайчыннікаў, якія знаходзяцца ў Маскве і Маскоўскай вобласці, захоўваць спакой, давяраць афіцыйным крыніцам інфармацыі і выконваць патрабаванні праваахоўных органаў.

Спачуванні ў сувязі з трагедыяй выказаў Аляксандр Лукашэнка, іх пачалі масава выказваць беларускія чыноўнікі і ведамствы.

Таксама спачуванне распаўсюдзіла прэс-служба дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай.

“У сувязі з падзеямі ў Падмаскоўі МУС Беларусі прынятыя дадатковыя меры па гарантаванні грамадскай бяспекі. У першую чаргу гаворка ідзе пра аб’екты транспарту і месцы масавага збору грамадзян”, — паведаміла позна ўвечары 22 сакавіка прэс-служба міліцэйскага ведамства.

Міністэрства аховы здароўя Беларусі прапанавала дапамогу расійскім калегам.

“Спланаванай і свядомай правакацыяй расійскіх спецслужбаў на ўказанне [Уладзіміра] Пуціна” назвала тое, што адбылося, Галоўнае выведвальнае ўпраўленне Міністэрства абароны Украіны.

Падзяліцца: