Мінск 22:35

Пальмовую нядзелю католікі традыцыйна правядуць пад наглядам міліцыі

Ілюстратыўнае фота: catholicnews.by / grednensis.by

23 сакавіка, Позірк. Міліцыя і ўнутраныя войскі традыцыйна ўзмоцняць захады бяспекі ў “месцах правядзення рэлігійных мерапрыемстваў” у дзень, калі католікі адзначаюць Пальмовую (Вербную) нядзелю. Сёлета яна выпадае на 24 сакавіка.

“Праваахоўнікі ўзмоцняць кантроль каля храмаў, на аб’ектах транспарту, — цытуе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Сяргея Мірончыка. — Пры неабходнасці ў месцах збору вялікай колькасці грамадзян запланавана арганізацыя прапускнога рэжыму з выкарыстаннем тэхнічных сродкаў”.

Паводле яго слоў, міліцыянеры арыентаваныя “на дапамогу ўдзельнікам дарожнага руху, рэгуляванне транспартных і пешаходных плыняў, забеспячэнне камфортных умоў паркоўкі, спыненне грубых парушэнняў ПДР”.

Ведамства заклікала грамадзян “з разуменнем паставіцца да дадатковых захадаў бяспекі”. Жыхароў краіны таксама просяць “своечасова інфармаваць бліжэйшыя нарады пра падазроных асоб або пакінутыя без нагляду рэчы, датрымлівацца правапарадаку, не дапускаць парушэння заканадаўства”.

Пальмовая нядзеля — свята ў памяць пра ўрачыстае прыбыццё Езуса Хрыста ў Іерусалім за лічаныя дні да распяцця. Сведчыць пра пачатак Вялікага тыдня перад Вялікаднем, які католікі сёлета святкуюць 31 сакавіка.

Каталіцызм — другая па колькасці паслядоўнікаў хрысціянская канфесія ў Беларусі. У краіне каля 1,5 млн католікаў, у тым ліку больш за 10 тыс. грэка-каталікоў. Рымска-каталіцкі касцёл у Беларусі прадстаўлены трыма дыяцэзіямі — Гродзенскай, Віцебскай і Пінскай, а таксама Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй (на пачатак 2023 года налічваў 500 парафій, 526 дзейных храмаў і 28 на этапе будоўлі). Беларуская грэка-каталіцкая царква складаецца з 16 супольнасцяў, якія маюць 5 культавых будынкаў.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года стасункі дзяржавы і Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія іерархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія рушылі ўслед за масавымі пратэстамі.

Згодна з маніторынгам ініцыятывы “Хрысціянская візія”, з 2020 года тую ці іншую форму рэпрэсій зазнала сама меней 73 царкоўныя служыцелі, у тым ліку 25 рымска-каталіцкіх і 5 грэка-каталіцкіх. Асобныя былі вымушаны пакінуць Беларусь.

Падзяліцца: