Мінск 08:44

Навабранцы пачалі прыбываць на службу, увосень войскі Беларусі папоўняць каля 10 тыс. чалавек

Фота носіць ілюстрацыйны характар
Крыніца: aif.by

24 кастрычніка, Позірк. Прызваных на тэрміновую службу і службу ў рэзерве грамадзян 24 кастрычніка пачалі адпраўляць у злучэнні і вайсковыя часці Узброеных сіл Беларусі, паведамляе Міністэрства абароны.

Каля 1 тыс. прызыўнікоў у гэты дзень папоўняць шэрагі сіл спецыяльных аперацый, Мінскай вайсковай камендатуры і 72-ы аб’яднаны навучальны цэнтр (вайсковы гарадок Печы ў Барысаве, Мінская вобласць).

“Усяго на ўкамплектаванне Узброеных сіл, іншых войскаў і вайсковых фарміраванняў Рэспублікі Беларусь у кастрычніку — лістападзе плануецца накіраваць каля 10 тыс. чалавек. Акрамя таго, для праходжання службы ў рэзерве ў гэты ж перыяд плануецца накіраваць каля 200 чалавек”, — гаворыцца ў паведамленні ваеннага ведамства.

Пры гэтым на прызыўныя камісіі гэтай восенню мусяць прыйсці каля 60 тыс. маладых людзей. Міністэрства падкрэслівае, што “мерапрыемствы па прызыве арганізуюцца і праводзяцца згодна з заканадаўствам, без якіх-небудзь змен”.

Адпраўка навабранцаў ва Узброеныя сілы праводзіцца па 10 лістапада (цырымонія прысягі — 25 лістапада), іншыя войскі і фарміраванні — па 30 лістапада.

Падзяліцца: