Мінск 13:45

На мяжы з ЕС расце чарга легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў, у чаканні выезду каля 2,5 тыс. фур

Пункт пропуску Беняконі на мяжы з Літвой
Архіўнае фота: тэлеграм-канал "Пул 4 Рэгіён"

8 красавіка, Позірк. У пунктах пропуску на мяжы Беларусі з краінамі Еўрасаюза расце чарга легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў, захоўваецца напружаная сітуацыя з выездам грузавога транспарту, сведчыць праведзены“Позіркам” аналіз даных Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

На 10:00 выезду ў краіны ЕС чакала 735 легкавых аўто, у тым ліку 500 у пункце пропуску Брэст (з другога боку — Цярэспаль) на мяжы з Польшчай, а таксама 135 у пункце Каменны Лог (Мядзінінкай) і 100 у пункце Беняконі (Шальчынінкай) на мяжы з Літвой. За апошнія дзве гадзіны чарга вырасла на 15 машын.

У пункце пропуску Брэст выезду чакае 35 аўтобусаў (+1).

На пагранпераходах сабралася 2.490 грузавікоў: у пункце Грыгароўшчына (Патэрніекі) на мяжы з Латвіяй — 830, Каменны Лог — 800, Беняконі — 860. Двума гадзінамі раней агульная колькасць фур складала 2.500.

Беларускія памежнікі рэгулярна абвінавачваюць калег, асабліва літоўскіх, у павольным афармленні грузавога транспарта, а часам і бяздзейнасці. Літоўцы на гэта адказваюць, што іх беларускія калегі проста “яшчэ не прыстасаваліся да працы” ў новых умовах, калі працуюць толькі 2 з 6 існуючых пунктаў пропуску.

18 жніўня 2023 года Літва закрыла пункты пропуску Шумскас (з беларускага боку — Лоша) і Цвярачус (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка). На мяжы з Беларуссю працягваюць працаваць два пагранпераходы — Мядзінінкай і Шальчынінкай.

Пасля вынясення палітычна матываванага выраку журналісту, актывісту неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (з беларускага боку Бераставіца).

19 верасня 2023 года праз узрослую плынь нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і забарыкадавала пункт пропуску Сілене (Урбаны).

Падзяліцца: