Мінск 08:55

СК пачаў спецвытворчасць у дачыненні да Бажэны Жолудзь (дапоўнена)

Бажэна Жолудзь
Фота: тэлеграм-канал "Спецыяльная вытворчасць. Афіцыйна"

8 красавіка, Позірк. Следчы камітэт пачаў спецыяльную вытворчасць у дачыненні да 24-гадовай Бажэны Жолудзь, вынікае з інфармацыі профільнага тэлеграм-канала СК “Спецыяльная вытворчасць. Афіцыйна”.

Дзяўчыне інкрымінуюцца чатыры крымінальныя артыкулы:

  • ч. 1 арт. 179 (незаконны распаўсюд звестак пра прыватнае жыццё, якія складаюць асабістую таямніцу іншай асобы, без яе згоды, што пацягнула прычыненне шкоды правам, свабодам і законным інтарэсам пацярпелага);
  • арт. 188 (распаўсюд загадзя ілжывых звестак (паклёп), якія ганьбяць іншую асобу, у інфармацыі, размешчанай у глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт);
  • ч. 3 арт. 361 (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, здзяйснення іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, распаўсюд матэрыялаў, якія ўтрымліваюць такія заклікі, здзейсненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі і глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт);
  • арт. 391 (абраза суддзі ў сувязі з ажыццяўленнем ім правасуддзя).

Адметна, што арт. 179 з дзейнай рэдакцыі Крымінальнага кодэкса. У абноўленай версіі адказнасць за “незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі пра прыватнае жыццё і персанальныя звесткі” прадугледжана арт. 2031.

Жолудзь прапанавана з’явіцца ў Рэчыцкі раённы аддзел СК (Гомельская вобласць).

Бажэна Жолудзь была дзяўчынай кіраўніка “Беларускага дома ва Украіне” Віталя Шышова, які ў жніўні 2021 года быў знойдзены павешаным у Кіеве.

Згодна з пералікам на сайце СК, спецыяльная вытворчасць узбуджалася ў дачыненні да 91 чалавека. Уласны спіс па спецвытворчасці маецца ў КДБ. Гэты механізм прымяняецца супраць абвінавачанага, які знаходзіцца за межамі Беларусі і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс. Магчымы па 34 складах злачынстваў, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, наёмніцтва, здрада дзяржаве, дыверсія, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый ды інш.

Падзяліцца: