Мінск 23:44

Беларускі цяжкаатлет Ціханцоў атрымаў ліцэнзію для ўдзелу ў АГ-2024 у нейтральным статусе

Фота: сайт МАК

8 красавіка, Позірк. Беларускі спартсмен Яўген Ціханцоў, які выступае ў нейтральным статусе, заняў трэцяе месца на Кубку свету па цяжкай атлетыцы, які праходзіць у Пхукет (Тайланд), заваяваўшы такім чынам алімпійскую ліцэнзію, паведамляе Міжнародная федэрацыя цяжкай атлетыкі.

Атлет у вагавой катэгорыі да 102 кг у рыўку падняў 183 кг, а ў штуршку зафіксаваў вагу ў 217 кг (выніковая сума — 400 кг), што прынесла яму трэцяе месца ў двубор’і.

Днём раней, 7 красавіка, алімпійскую ліцэнзію на фінальным этапе Кубка свету атрымала беларуская цяжкаатлетка Сюзана Валадзько, якая заняла дзясятае месца з вынікам 237 кг (108 кг у рыўку і 129 кг у штуршку).

25 сакавіка стала вядома, што беларускія батутысты Іван Літвіновіч і Віялета Бардзілоўская атрымалі ліцэнзіі для ўдзелу ў АГ-2024 у нейтральным статусе.

Падчас кваліфікацый у Баку (Азербайджан) і Котбусе (Германія) Літвіновіч набраў у суме 100 ачкоў і аказаўся другім у рэйнінгу.

Бардзілоўская змагла атрымаць кваліфікацыю, бо, згодна з правіламі, “максімум два спартсмены аднаго полу могуць выступаць ад сваёй краіны”, а многія яе канкурэнткі былі выключаны з рэйтынгу па гэтай прычыне. У яе актыве — 40 балаў, якіх дастаткова для атрымання 9 месца ў рэйтынгу і алімпійскай ліцэнзіі.

Літвіновіч падпісаў адкрыты ліст спартсменаў, якія падтрымалі восенню 2020 года дзейны палітычны рэжым на фоне распачатых у краіне рэпрэсій.

Паводле падлікаў выдання “Трыбуна”, у беларускіх спартсменаў на 8 красавіка ёсць 17 ліцэнзій на ўдзел у АГ-2024. Сем з іх у барацьбе, тры ў плаванні, па дзве ў скачках на батуце і цяжкай атлетыцы, а таксама па адной у акадэмічным веславанні, веласпорце і тхэквандо.

Акрамя таго, рашэнні МАК чакаюць беларускія лёгкаатлеты з выкананым нарматывам, а ў шэрагу дысцыплін кваліфікацыя на АГ працягваецца.

28 сакавіка мэр сталіцы Францыі Ан Ідальга падчас візіту ў Кіеў заявіла, што расійскім і беларускім спартсменам “не будуць рады ў Парыжы”.

Відэазапіс з каментаром Ідальга размешчана ў твітэр-акаўнце Blood Games 2024.

Спартсмены з Беларусі і Расіі змогуць пазмагацца за медалі толькі ў статусе індывідуальных нейтральных атлетаў пры ўмове адсутнасці “актыўнай падтрымкі” вайны ва Украіне, а таксама кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі або РФ.

Таксама будуць забаронены беларускі і расійскі сцягі, гімны і любое абазначэнне нацыянальнай прыналежнасці.

28 лютага 2022 года, праз некалькі дзён пасля пачатку вайны ва Украіне, МАК заклікаў спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў пад сваёй эгідай атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынята да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт аказаліся амаль у поўнай ізаляцыі.

25 студзеня 2023 года выканкам МАК пацвердзіў санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да Беларусі і РФ з-за вайны супраць Украіны, аднак зазначыў, што ніводнаму спартсмену нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах “толькі з-за яго пашпарта”.

28 сакавіка МАК выпусціў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. Пры гэтым павінен быць выкананы шэраг умоў. Беларускія і расійскія атлеты могуць спаборнічаць “у якасці індывідуальных нейтральных спартсменаў” (без выкарыстання сцяга, гімна і іншай сімволікі сваіх дзяржаў) і толькі ў тым выпадку, калі яны “актыўна не займаліся падтрымкай баявых дзеянняў” і не маюць дзейных кантрактаў з сілавымі і ваеннымі ведамствамі сваіх краін.

8 снежня 2023 года МАК дапусціў індывідуальных спартсменаў з Беларусі і Расіі да ўдзелу ў летніх Алімпійскіх гульнях 2024 года ў Парыжы ў нейтральным статусе. Шэраг адпаведных федэрацый дапусціў беларусаў і расіян да спаборніцтваў пад сваёй эгідай.

Алімпійскія гульні пройдуць у Парыжы 26 ліпеня — 11 жніўня 2024 года.

Падзяліцца: