Мінск 07:15

Лукашэнка раскрытыкаваў урад за куплю імпартных трактароў

9 красавіка, Позірк. “Вельмі негатыўнай тэндэнцыяй” назваў сітуацыю з імпартам Аляксандр Лукашэнка на нарадзе аб развіцці прамысловасці 9 красавіка.

“Унутраны рынак аддаем канкурэнтам, — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба. — За гэта ўрад адкажа галавой. Нягледзячы на наяўнасць шырокай лінейкі айчыннай тэхнікі, да гэтага часу закупляем імпартныя аналагі”.

Паводле яго слоў, летась толькі трактароў было набыта больш за тысячу амаль на 40 млн долараў.

“Праводзім мадэрнізацыю падшыпнікавага завода. Якасць прадукцыі сёння супастаўная з прадукцыяй сусветных лідараў. Аднак высокія выдаткі не дазваляюць канкураваць па цане ў тэндарных закупках нават на канвееры беларускіх прадпрыемстваў”, — заявіў Лукашэнка.

Яшчэ адной праблемай ён назваў рэалізацыю прадукцыі: “Склады трашчаць. Складскія запасы за 2023 год выраслі на 23%. Профільны віцэ-прэм’ер мяне закалыхвае: гэта нармальна, заўсёды так было — мы тут цяпер усё гэта прададзім. Але мы ж перыяд да перыяду ацэньваем гэтыя запасы. А колькі тэхнікі знаходзіцца на пляцоўках у дылераў, якія для многіх сталі дадатковым складам за мяжой?”

Лукашэнка паведаміў, што на складах гандлёвых дамоў Мінскага трактарнага завода амаль 6,5 тыс. адзінак тэхнікі, або больш чым двухмесячны аб’ём вытворчасці: “Вось і “аб’ёмы” вытворчасці, і ваш “экспарт”.

Паводле слоў прамоўцы, не выкананы яго патрабаванні па скарачэнні знешняй пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці, за 2023 год яна вырасла больш чым на 10%.

“Які агульны вынік? Перш за ўсё падзенне якасных паказчыкаў развіцця прадпрыемстваў. Рэнтабельнасць недацягвае да ўзроўню 2022 года. Растуць колькасць стратных арганізацый і сумы страт. Мы маем складаную лагістыку і рост кошту імпартнай сыравіны. Разбурэнне кааперацыйных сувязяў з заходнімі пастаўшчыкамі прывяло да неабходнасці пошуку альтэрнатыўных партнёраў альбо наладжвання ўласнай вытворчасці камплектуючых, у тым ліку паскоранай распрацоўкі і ўкаранення новых тэхнічных рашэнняў”, — сказаў Лукашэнка.

Стварэнне і ўкараненне софту павінна стаць першачарговай задачай для айчынных распрацоўшчыкаў, лічыць Лукашэнка, але “пакуль па гэтым напрамку наогул нічога не робіцца — як карысталіся заходнім праграмным забеспячэннем, так і працягваем”.

Паводле яго слоў, неабходна прыняць меры па забеспячэнні “максімальнай тэхналагічнай незалежнасці і стварэнні ўмоў для ўстойлівай працы эканомікі, якая не залежыць ні ад якіх санкцый”, аднак “разварот прамысловасці ў гэтым напрамку адбываецца вельмі павольна”, да якаснай мадэрнізацыі галіны выявіліся не гатовымі.

У якасці прыкладу Лукашэнка прывёў Аршанскі інструментальны завод, на якім загрузка высокатэхналагічнага абсталявання, уведзенага ў 2023 годзе, па вытворчасці імпартазамяшчальнага сучаснага металарэзнага інструмента (свердзелаў і фрэз) складае толькі 50%.

Паводле звестак Белстата, дэбіторская запазычанасць (запазычанасці прадпрыемствам) на 1 лютага знізілася да 65,8 млрд рублёў (месяцам раней — 66,9 млрд; -1,6%), у тым ліку пратэрмінаваная — 8,8 млрд (8,9 млрд; -1,1%).

3 кастрычніка 2023 года на нарадзе па продажах айчыннай прадукцыі Лукашэнка заявіў, што для беларускай эканомікі “пытаннем пытанняў” з’яўляецца дэбіторская запазычанасць. “Па “дэбіторцы”, я сказаў, ніякіх спасылак [не павінна быць] на тое, што дзесьці плацяжы не ідуць, яшчэ нешта”, — сказаў ён.

Падзяліцца: