Мінск 17:36

Былога інжынера Мінаблаўтатранса асудзілі за ДТЗ у Смалявіцкім раёне з 13 загінулымі

Крыніца: onliner.by

10 красавіка, Позірк. Суд у Жодзіне (Мінская вобласць) вынес рашэнне ў дачыненні да былога галоўнага інжынера філіяла “Аўтамабільны парк № 20” ААТ “Мінаблаўтатранс”, якога ў рамках справы аб дарожна-транспартным здарэнні ў Смалявіцкім раёне абвінавачвалі паводле ч. 2 арт. 428 Крымінальнага кодэкса (службовая халатнасць, якая пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека альбо іншыя цяжкія наступствы).

Як паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суда, мужчына прызнаны вінаватым, бо “неналежным чынам выканаў” абавязкі па прадрэйсавым кантролі стану аўтамабіля “МАЗ”, “дапусціўшы яго на лінію 20 лютага 2023 года”.

Ён прыгавораны да пазбаўлення волі на 2 гады ў калоніі-пасяленні з забаронай на працягу 5 гадоў займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў. Таксама яго абавязалі выплаціць на карысць Мінскага абласнога ўпраўлення МНС 203,74 рубля ў кошт пакрыцця матэрыяльнай шкоды, а таксама 80 рублёў дзяржпошліны ў даход дзяржавы.

Адзначаецца, што абвінавачаны віну не прызнаў.

Як удакладняецца ў паведамленні Вярхоўнага суда, падчас руху ў грузавога аўтамабіля “адбылося разбурэнне лістоў правай рысоры пярэдняй падвескі, страта кіравальнасці, выезд на паласу сустрэчнага руху аўтадарогі Смалявічы — Смілавічы — Праўдзінскі — Шацк і сутыкненне з аўтобусам Citroen Jumper, што пацягнула па неасцярожнасці смерць 13 чалавек, прычыненне шкоды дзяржаўнай маёмасці ў асабліва буйным памеры і <…> прычыненне семярым грамадзянам цяжкіх цялесных пашкоджанняў”.

20 лютага 2023 года адбылося лабавое сутыкненне грузавога аўтамабіля “МАЗ” з маршруткай на 9-м км аўтадарогі Р-69 (Смалявічы — Шацк). Сярод загінулых былі дзеці 13 і 14 гадоў.

Кіроўца, прызнаны вінаватым у аварыі, прысуджаны да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Падзяліцца: