Мінск 18:33

Дзяржава павялічыла сваю долю ў прадпрыемствах на 60 млн рублёў дзяржпадтрымкі

Беларускі цэментны завод (Касцюковічы, Магілёўская вобласць)
Фота: belcement.by

12 красавіка, Позірк. Па выніках 2023 года дзяржава аказала падтрымку сямі прадпрыемствам дрэваапрацоўкі, цэментнай галіны і шкляной вытворчасці на суму 59 млн. 188 тыс. 192,4 рубля, вынікае з пастановы Савета міністраў ад 10 красавіка № 265, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале.

Сродкі атрымалі: Беларускі цэментны завод — 7 млн 587 тыс. 311,7 рубля, “Гомельдрэў” — 128 тыс. 749,2, “Гомельшкло” — 4 млн 983 тыс. 384,68, “Івацэвічдрэў” — 8 млн 977 тыс. 907,18, “Краснасельскбудматэрыялы” — 4 млн 731 тыс. 832,18, “Крычаўцэментнашыфер” — 20 млн 340 тыс. 295,23, Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат — 12 млн 438 тыс. 712,4

Яны будуць пералічаны ў акцыі названых прадпрыемстваў і перададзены дзяржаве.

“Колькасць акцый дадатковага выпуску, якія перадаюцца ва ўласнасць Рэспублікі Беларусь, разлічваецца як стаўленне сумы выдзеленых грашовых сродкаў да намінальнага кошту адной акцыі акцыянернага таварыства”, — гаворыцца ў дакуменце.

Працэс перадачы каштоўных папер павінен завяршыцца да 1 верасня.

Гэта традыцыйная працэдура. У мінулым годзе ў такой пастанове ўрада ўказваліся восем прадпрыемстваў і 74 млн. 861 тыс. 940,4 рубля падтрымкі. Акрамя вышэй названых акцыянерных таварыстваў у спісе значыўся “Гродзенскі шклозавод”.

Такім чынам, сума выдзеленых сродкаў зменшылася на 20,9%.

Падзяліцца: