Мінск 11:09

Валанцёры мінскага Свята-Елісавецінскага манастыра атрымалі падзяку за дапамогу расійскай арміі

Крыніца: monasterium.ru

12 красавіка, Позірк. Камандзір расійскай вайсковай часці 83444 палкоўнік Дзмітрый Кулачкоў накіраваў падзяку ў адрас валанцёрскай групы “Дапамога братам”, якая дзейнічае пры мінскім Свята-Елісавецінскім манастыры.

Фота выпіскі з адпаведнага загаду апублікавала кіраўніца аднайменнай расійскай валанцёрскай групы манашка Яўгенія (Цыўцывадзэ).

Падзяка аб’яўленая “за неабыякавасць, падтрымку і неаднаразовую дапамогу, узаемадапамогу і гатоўнасць аказаць пасільную дапамогу, а менавіта арганізацыю, дастаўку і выдачу экіпіроўкі, рыштунку, абсталявання, тавараматэрыяльных каштоўнасцяў мабілізаваным ваеннаслужачым, ваеннаслужачым па кантракце, якія выконваюць баявыя задачы ў ходзе правядзення спецыяльнай ваеннай аперацыі”, гаворыцца ў загадзе.

Група “Дапамога братам” створаная пасля пачатку шырокамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны ў лютым 2022 года ў манастыры Марыі Магдаліны ў вёсцы Нікольскае Арлоўскай вобласці Расіі. Група пры мінскім манастыры, паводле інфармацыі праекта “Хрысціянская візія”, створаная ў жніўні 2022-га.

Свята-Елісавецінскі манастыр рэгулярна ўдзельнічае ў акцыях, якія падтрымліваюць расійскую агрэсію ва Украіне. Паводле інфармацыі кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі, абіцель “арганізуе канцэрты ў падтрымку расійскага войска і збірае харчы і сродкі для расійскіх вайскоўцаў, якія ўдзельнічаюць у вайне супраць Украіны”. На гэтыя сродкі “набываюцца розныя прадметы, у тым ліку рацыі, коптэры, цеплавізары, бронекамізэлькі, шлемы і нават аўтамабіль”.

У траўні 2023 года абіцель заявіла аб правядзенні ў Мінску канцэрту ў падтрымку “шпіталяў і параненых байцоў расійскай арміі, якія ўдзельнічаюць у спецаперацыі”. Адзначалася, што сабраныя сродкі пойдуць на “закупку медабсталявання і лекавых сродкаў для шпіталяў Данбаса”. Канцэрт быў анансаваны хэштэгам “Сваіх не кідаем”, папулярным у расійскай вайсковай прапаганды. На афішы мерапрыемства адлюстравалі лацінскую літару Z — сімвал ўварвання Расіі ва Украіну.

7 студзеня мінулага года падчас наведвання манастыра з нагоды праваслаўнага Раства Лукашэнка падтрымаў збор дапамогі для расійскіх вайскоўцаў на фронце. “Вы робіце правільна. Не звяртайце ўвагі на дзясятак-другі праплочаных людзей”, — заявіў Лукашэнка, дадаўшы, што “мы дапамагаем нашым рускім братам”.

Падзяліцца: