Мінск 10:34

СМІ: EPAM адмовіўся рыхтаваць IT-спецыялістаў разам з ЕГУ

Фота: сайт ЕГУ

13 красавіка, Позірк. IT-кампанія EPAM sistemos (зарэгістраванае ў Літве аддзяленне вядомай кампаніі з беларускімі каранямі EPAM Systems) завяршыла партнёрства з Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам, што базуецца ў Вільнюсе, у рамках праекта EPAM School of Digital Engineering (ESDE).

Паводле інфармацыі медыя dev.by, якое спецыялізуецца на высокіх тэхналогіях, студэнты даведаліся пра гэта 11 красавіка на сустрэчы з адміністрацыяй ЕГУ і дырэктарам літоўскага офіса EPAM. Ім прапанавана працягнуць навучанне ва ўніверсітэце па спецыяльнасці “інфарматыка” або перайсці ў іншыя ВНУ.

Прычыны, праз якія прынятае такое рашэнне, не паведамляюцца.

Кіраўніцтва ЕГУ заявіла, што рэарганізацыя не закране навучальны працэс, у студэнцкім асяродку, паводле звестак медыя, у гэта вераць не ўсе.

ESDE — эксперыментальнае падраздзяленне EPAM для падрыхтоўкі бакалаўраў і магістраў у партнёрстве з універсітэтамі. Такія праекты працуюць у ВНУ Грузіі, Польшчы, Украіны і Узбекістана.

У Літве праграма пачала рэалізоўвацца ў 2022 годзе у трох спецыялізацыях — Java EЕ,. Net і JavaScript / TypeScript. Сярод іншага яна прадугледжвала вывучэнне дысцыплін, закліканых дапамагчы будучым адмыслоўцам развіць нетэхнічныя і атрымаць практычныя кампетэнцыі.

EPAM Systems — амерыканская IT-кампанія, заснаваная ў 1993 годзе беларускімі прадпрымальнікамі Аркадзем Добкіным і Леанідам Лознерам. Першыя офісы былі адкрытыя ў ЗША і Беларусі. У 2021 годзе кампанія заняла 1.804-е месца ў спісе Forbes Global 2000 і ўключана ў S&P 500.

Да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года EPAM Systems актыўна пашырала свой штат у Беларусі, аднак на фоне палітычных рэпрэсій і ў сувязі з развязанай РФ вайной супраць Украіны супрацоўнікі кампаніі пачалі з’язджаць з краіны. Цяпер яе офісы працуюць у тым ліку ў Літве, Грузіі, Калумбіі.

Еўрапейскі дзяржаўны ўніверсітэт адкрыўся ў 1992 годзе ў Мінску. У 2004 годзе беларускія ўлады, незадаволеныя самастойнасцю яго кіраўніцтва, закрылі ВНУ. Праз год ЕГУ аднавіў працу ў Вільнюсе, ён мае статус беларускага ўніверсітэта ў выгнанні. У ім навучаецца каля 1,5 тыс. студэнтаў, пераважна з Беларусі.

Падзяліцца: